Навукова-практычная канферэнцыя “Талачынскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна”, прысвечаная 590-годдзю першага згадвання горада ў пісьмовых крыніцах, праходзіць у Талачыне.
Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў адзначыў яго важнасць не толькі для ўдзельнікаў, але і для краязнаўцаў Талачынскага раёна, Віцебскай вобласці і краіны ў цэлым. Ён выказаў удзячнасць Інстытуту гісторыі НАН Беларусі за плённае супрацоўніцтва і за тое, што падобныя мерапрыемствы рэгулярна праводзяцца на тэрыторыі вобласці.
– Важна, што раёны прымаюць вучоных, якія распавядаюць менавіта пра мясцовую гісторыю, – дадаў Уладзімір Цярэнтаў. – І значным падарункам рэгіёну стане кніга пра гісторыка-культурную спадчыну Талачынскага раёна, якую падрыхтуе Інстытут гісторыі.
Прывітаўшы ўдзельнікаў канферэнцыі, старшыня Талачынскага райвыканкама Алег Лындын сказаў, што Талачынская зямля славіцца сваімі традыцыямі, якія шануюцца і выконваюцца.
– Важна, што на канферэнцыі абмяркоўваем цэлы пласт пытанняў, звязаных з гісторыяй рэгіёна – ад старажытных часоў, перыяду Вялікай Айчыннай вайны да сучаснасці. Упэўнены, што сумесным супрацоўніцтвам у рамках канферэнцыі папоўнім наш багаж ведаў пра наш раён, – падкрэсліў ён.
Алег Лындын уручыў Падзяку раённага выканаўчага камітэта дырэктару Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдату гістарычных навук, дацэнту Вадзіму Лакузе.
У сваю чаргу вучоны распавёў, што Інстытут гісторыі праводзіць працу, накіраваную на захаванне гістарычнай памяці, фарміраванне гістарычнай самасвядомасці, выхаванне патрыётаў, якія любяць сваю цудоўную краіну з унікальнай гісторыяй.
– А яна пачынаецца з гісторыі малой радзімы, з такой як талачынскі край. Падобныя канферэнцыі не могуць праходзіць без разумення і падтрымкі мясцовых органаў улады ў той справе, якая сёння стаіць на адным з першых месцаў у Беларусі, – выказаў упэўненасць Вадзім Лакуза.
Ён дадаў, што мерапрыемства праводзіцца ў рамках падпраграмы “Гісторыя” Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы” на 2021–2025 гады.