19 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сацыяльна-псіхалагічныя праблемы сучаснага грамадства і чалавека, а таксама шляхі іх вырашэння будуць абмяркоўвацца на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая пройдзе 20-21 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца кафедры сацыяльна-педагагічнай работы ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Арлова. У навуковым форуме возьмуць удзел больш за 130 вучоных, аспірантаў, педагогаў, псіхолагаў і спецыялістаў па сацыяльнай рабоце з Расіі, Украіны, Польшчы і Беларусі. У ліку ўдзельнікаў будуць 13 дактароў навук і 90 кандыдатаў навук і навуковых супрацоўнікаў, якія прадстаўляюць 25 ВНУ з усіх беларускіх рэгіёнаў, а таксама амаль 10 рэгіёнаў іншых краін-удзельніц. У цэнтры ўвагі спецыялістаў будуць пытанні фарміравання і зместавыя аспекты сацыяльнай палітыкі дзяржавы, сацыяльнай стратыфікацыі і забеспячэння сацыяльнай мабільнасці, праблемы адукацыі, культуры ў кантэксце развіцця чалавечага патэнцыялу. У ходзе навукова-практычнага форуму будуць разглядацца актуальныя праблемы сацыяльнай работы, прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў сацыяльнай сферы, педагогаў і псіхолагаў. Акрамя таго, удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць праблемы псіхалагічнай бяспекі як адной са значных задач сацыяльнай палітыкі дзяржавы, у тым ліку пытанні арганізацыі псіхалагічнага суправаджэння маладога пакалення, ролю псіхалогіі ў вырашэнні сацыяльных праблем грамадства. Плануецца, што па выніках канферэнцыі будуць намечаны перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва прадстаўнікоў ВНУ краін-удзельніц па тэматыцы форуму. Праца канферэнцыі будзе арганізавана па секцыях "Прыярытэтныя напрамкі развіцця адукацыі і культуры", "Сацыяльна-псіхалагічныя праблемы сучаснасці" і "Актуальныя праблемы практычнай псіхалогіі". Асноўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца выяўленне актуальных сацыяльна-псіхалагічных праблем грамадства і чалавека, а таксама пошук шляхоў іх вырашэння. Да пачатку работы канферэнцыі выдадзены зборнік навуковых артыкулаў удзельнікаў форуму. Мерапрыемства прысвечана 20-годдзю факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі ВДУ. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, Інстытут псіхалогіі і педагогікі (Масква), Крымскі гуманітарны ўніверсітэт (Ялта) пры падтрымцы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.-0-