Напрыканцы года звычайна падводзяць вынікі. Парушаць добрыя традыцыі навукоўцы і майстры вобласці не сталі: свае дасягненні і планы на будучыню яны абмяркавалі на навукова-практычнай канферэнцыі “Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны”.

Напрыканцы года звычайна падводзяць вынікі. Парушаць добрыя традыцыі навукоўцы і майстры вобласці не сталі: свае дасягненні і планы на будучыню яны абмяркавалі на навукова-практычнай канферэнцыі “Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны”. Неабыякавых да нацыянальнай культуры вітала лепельская зямля. У гэты дзень госці ацанілі не толькі талент нашых умельцаў, артыстаў, кулінараў, але і самі пазнаёмілі з асаблівасцямі тэкстылю родных мясцін на выставе ў раённым Доме культуры.

Пачалася сустрэча з экскурсіі па Доме рамёстваў. Плён дваццацігадовай працы паказала гасцям дырэктар Алена Барадзейка. 11 накірункаў традыцыйных народных рамёстваў… Калекцыі народных строяў, віцебскіх ручнікоў, беларускіх паясоў, лялек і галоўных убораў… Як рэканструяваныя, так і аўтэнтычныя рэчы… Напэўна, кожны з прысутных знайшоў сабе тое, што зацікавіла яго асабіста.

Праўда, з лепельскімі майстрамі многія ўжо былі знаёмы даўно, прычым не толькі па сумесных выставах і конкурсах. Неаднаразова за дапамогай стварыць нацыянальнае адзенне да іх звярталіся калектывы з суседніх раёнаў. Напрыклад, дзякуючы лепельчанам, свой твар зараз маюць полацкі фальклорны калектыў “Палата”, рассонскі -- “Крыніца”. У планах апошняга – зрабіць заказ на мужчынскую вопратку.

Прысутных запрасілі таксама паўдзельнічаць у майстар-класах. Сакрэтамі свайго рамяства падзяліліся майстар выцінанкі Галіна Жураўлёва і вышывальшчыца Таццянна Аношка. Саламяныя рэчы на месцы рабілі Ніна Баннікава і Святлана Чэрнікава, а глінянага ляльку-барана -- Наталля Буйлава. Тут жа жадаючыя маглі паўдзельнічаць і ў разьбе па дрэве: зусім не над немаленькім “мядзведзям” працаваў Іван Будзіч. Як парадаваць дзяцей лялькай “зайчык на пальчык”, паказала народны майстар Беларусі Наталля Петухова.