Уладальнікі ўзнагарод трэцяга рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" названы вечарам 30 лістапада на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладальнікі ўзнагарод трэцяга рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" названы вечарам 30 лістапада на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Абвяшчаючы пераможцу ў намінацыі "Лепшы спектакль для дзяцей", вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі адзначыў, што святая справа - рабіць дабро для дзяцей. Ён з задавальненнем назваў уладальніка звання "Лепшы спектакль для дзяцей" - "Снягурачка" Х.К.Андэрсена Драматычнага тэатра Беларускай Арміі. Актрыса Марына Дзянісава за ролю ў гэтым спектаклі атрымала ўзнагароду "Лепшая акцёрская праца ў спектаклі для дзяцей". Уладальнікам тытула "Лепшая рэжысёрская праца ў спектаклі для дзяцей" стаў Аляксандр Янушкевіч за спектаклі "Малыш і Карлсан, які жыве на даху" А.Ліндгрэн у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек і "Клочкі па закоўлках" Г.Остэра ў Мінскім абласным тэатры лялек "Бальгійка".
У намінацыі "Лепшы спектакль музычнага тэатра" альтэрнатывы на лаўры лепшага не было і ўзнагарода дасталася спектакля "Сафія Гальшанская" В.Кондрусевіча Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Антон Заянчкоўскі за выкананне партыі Ягайлы ў гэтым спектаклі атрымаў званне "Лепшая акцёрская праца ў спектаклі музычнага тэатра". Узнагарода "Лепшая рэжысёрская праца ў спектаклі музычнага тэатра" ўручана Міхаілу Кавальчыку мастаку-пастаноўшчыку мюзікла "Сафія Гальшанская".
"Лепшым спектаклем тэатра лялек" журы назвала спектакль "Ладдзя роспачы" В.Караткевіча Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Акцёр тэатра Дзмітрый Рачкоўскі за выкананне ролі Гервасія ў гэтым спектаклі атрымаў тытул "Лепшая акцёрская праца ў спектаклі тэатра лялек". Аднак лепшым акцёрам тэатра лялек судзейская калегія прафесіяналаў назвала таксама і Уладзіміра Цевасяна за ролю Барыса Гадунова ў спектаклі "Самазванец" Брэсцкага абласнога тэатра лялек. Галасы журы ў гэтай намінацыі падзяліліся пароўну.
Узнагарода "Найлепшая рэжысёрская праца ў спектаклі тэатра лялек" дасталася Аляксею Ляляўскаму за дзве працы: спектакль "Ладдзя роспачы" У.Караткевіча Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і "Самазванец" паводле А.Пушкіна Брэсцкага абласнога тэатра лялек.
Безальтэрнатыўны намінант у намінацыі "Найлепшы спектакль балета" - "Вітаўт" У.Кузняцова Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь, ён жа атрымаў і тытул. Званне "Найлепшая акцёрская праца ў спектаклі балета" дасталася Людміле Хітровай за ролю ў балеце "Вітаўт", а "Найлепшая праца балетмайстра ў спектаклі балета" - Юрыю Траяну.
Балет "Вітаўт" У.Кузняцова Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі стаў яшчэ пераможцам і ў намінацыі "Найлепшая сучасная беларуская пастаноўка", хоць прэтэндэнтаў на гэты тытул было некалькі.
Вялікі тэатр трыумфаваў і яшчэ раз. Спектакль "Лятучы галандзец" Р.Вагнера быў названы "Найлепшым оперным спектаклем". Узнагароду "Найлепшая акцёрская праца ў спектаклі оперы" атрымаў Станіслаў Трыфанаў, а "Найлепшая рэжысёрская праца ў спектаклі оперы" - Ханс-Ёахім Фрай.
Лаўрэатам у намінацыі "Найлепшы мастак-пастаноўшчык" аб'яўлены Валерый Раеўскі (пасмяротна) за два спектаклі: "Ладдзя роспачы" У.Караткевіча Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і "Самазванец" Брэсцкага абласнога тэатра лялек.
Уручаючы ўзнагароду "Мэцэнат тэатра" старшыні ААТ "Белзнешэканамбанк" Паўлу Каллауру, міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў прапанаваў: ці не ўвесці такую адзінку вымярэння, як каллаур - адзін каллаур, два каллаур, калі гаворка будзе ісці аб ацэнцы ўкладу мэцэнатаў.
Найбольшую колькасць прэтэндэнтаў было ў намінацыі "Найлепшы спектакль тэатра драмы". Але найлепшым журы назвала "Аракул?.." А.Макаёнка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. М. Горкага. Аб'явіла пераможцу старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Пад апладысменты залы яна пракаментавала перамогу: "Хоць журы працавала ў адсутнасці міжнароднага назірання, думаю, выбар быў свабодным, дэмакратычным". Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка аб'ёмна падзякаваў за прызнанне.
Раман Салаўёў за працу ў спектаклі "Пахавайце мяне за плінтусам" П.Санаева Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа атрымаў прыз "Лепшая акцёрская праца ў спектаклі тэатра драмы". Пераможцам у намінацыі "Лепшая рэжысёрская праца ў спектаклі тэатра драмы" названы Саулюс Варнас "Фрэкен Жюлі" А.Стрындберга Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.
Эфектным завяршэннем вечара стала аб'яўленне ўладальніка ўзнагароды "За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва". На сцэну Купалаўскага выехаў аўтамабіль "Шэўрале дэ Люкс" 1937 года, які належаў Янку Купалу. З яго выйшла народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, якой намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік уручыў узнагароду.
Вызначала пераможцаў прафесійнае журы па спецыяльных секцыях: тэатра драмы, тэатра лялек і музычнага тэатра (опера, балет, музычная камедыя і іншыя музычныя жанры). У экспертную камісію ўвайшлі прадстаўнікі творчых саюзаў, Мінкультуры, тэатральныя крытыкі, мастацтвазнаўцы, творчыя работнікі, прадстаўнікі прафесійных калектываў мастацкай творчасці.
Фінальныя мерапрыемствы конкурсу прайшлі 24-30 лістапада. На ацэнку прафесійнага журы прэтэндаваў 21 спектакль, у тым ліку 11 пастановак тэатра драмы, 6 - тэатра лялек і 4 - музычнага тэатра.
Трэці конкурс "Нацыянальная тэатральная прэмія" абзавёўся новай статуэткай. Аўтарам ідэі прыза конкурсу стаў дызайнер Уладзімір Цеслер. Скульптар - Іван Арцімовіч. Прыз Нацыянальнай тэатральнай прэміі прыняў аблічча бусла на антычнай калоне, крылы якога падобныя на тэатральны пар'ер.
Упершыню Нацыянальную тэатральную прэмію ўручылі ў 2011 годзе. Летась тэатральнае спаборніцтва не праводзілася - назапашваўся багаж спектакляў, удасканальваўся парадак правядзення конкурсу. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Беларусі і Мінгарвыканкам.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)