У сувязі з пагаршэннем умоў надвор'я Дзяржаўтаінспекцыя Віцебшчыны рэкамендуе кіроўцам загадзя паклапаціцца аб замене шын.

Зімовыя шыны валодаюць лепшым счапленнем з дарожным пакрыццём ва ўмовах нізкіх тэмператур навакольнага асяроддзя, а таксама забяспечваюць добрую кіравальнасць аўтамабілем і скарачаюць яго тармазны шлях.

Ва ўмовах паніжанай тэмпературы летняя гума «дубее» і перастае забяспечваць належнае счапленне з дарогай. Пры рэзкім змяненні хуткасці і напрамку руху ўзрастае небяспека заносу.

Таксама Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае кіроўцам аб неабходнасці перабудавацца на больш спакойны і вымераны стыль кіравання. Выконвайце хуткасныя абмежаванні, неабходную дыстанцыю і бакавы інтэрвал, устрымлівайцеся ад рэзкіх манеўраў і тармажэнняў.