7 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Тыдзень маці пройдзе ў Беларусі з 8 па 14 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Паводле даных перапісу насельніцтва 2009 года, у нашай краіне налічваецца каля 2,7 млн. сем'яў, з іх 45% маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (па перапісе 1999 года - 56% сем'яў).
Мерапрыемствы Тыдня маці будуць спрыяць умацаванню сямейных традыцый, падтрыманню гарманічных адносін у сям'і, падрыхтоўцы маладых людзей да сямейнага жыцця, лічаць у Мінпрацы і сацабароне. Дзень маці - гэта не толькі даніна глыбокай павагі і любові да маці. Гэта прызнанне на дзяржаўным узроўні найважнейшай ролі жанчыны ў развіцці грамадства, пацвярджэнне таго, што сям'я, мацярынства з'яўляюцца прыярытэтамі сацыяльнай палітыкі краіны.
Плануецца традыцыйнае ўшанаванне жанчын-маці ў працоўных калектывах, па месцы службы. Адбудуцца ўрачыстыя прыёмы ў гар-, рай- і аблвыканкамах. А ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання 11 кастрычніка адбудзецца прыём і ўшанаванне маці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны.
Штогод арганізуюцца сустрэчы з жанчынамі - удзельніцамі Вялікай Айчыннай вайны, удовамі, маці і жонкамі воінаў, якія ўдзельнічалі ў лакальных канфліктах, з мужамі і маці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама наведванне сем'яў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку.
У воінскіх часцях будзе праведзены прыём маці, чые сыны годна нясуць службу ў радах Узброеных Сіл. У Цэнтральным доме афіцэраў 14 кастрычніка пройдзе святочны канцэрт для членаў Камітэта салдатскіх маці і Асацыяцыі сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане "Памяць і доўг", Фонду сацыяльнай абароны ўдоў і дзяцей ваеннаслужачых, якія загінулі ў лакальных ваенных канфліктах "Доўг".
Арганізуюцца святочныя канцэрты, конкурсныя праграмы для маладых мам, ушанаванне шматдзетных сем'яў. Асаблівая ўвага будзе нададзена жанчынам-інвалідам, якія сталі маці ў 2013 годзе. Адбудзецца ўшанаванне жанчын, якія ўзялі пад апеку дзяцей, прыёмных маці. У радзільных дамах будуць урачыста віншаваць жанчын, якія нарадзілі дзяцей у Дзень маці 14 кастрычніка.