Тыдзень маці пройдзе ў Беларусі 9-15 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Тыдзень маці пройдзе ў Беларусі 9-15 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Па словах спецыялістаў, Тыдзень маці нацэлены на падтрымку традыцыі беражлівых адносін да жанчыны, умацаванне сямейных каштоўнасцей і павышэнне прэстыжу здаровай гарманічнай сям'і, адказнага бацькоўства. У правядзенні мерапрыемстваў гэтага тэматычнага тыдня прымаюць удзел міністэрствы інфармацыі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, унутраных спраў, абароны, сельскай гаспадаркі і харчавання, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. Значны ўклад уносяць грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын", Беларуская праваслаўная царква.

Праграма Тыдня маці ўключае традыцыйныя урачыстыя прыёмы ў гар-, рай- і аблвыканкамах, узнагароджанне ордэнам Маці, святочныя канцэрты, вечарыны адпачынку, а таксама мерапрыемствы новага фармату (напрыклад, 13 кастрычніка адбудзецца рэспубліканскі ўрок сямейнага жыцця "Здаровая сям'я - здаровая нацыя", 14 кастрычніка - "Урок сямейнага жыцця" у БДПУ ім. М.Танка і інш.).

ГА "Беларускі саюз жанчын" 10 кастрычніка правядзе міжнародную канферэнцыю жанчын-прадпрымальніц "Жаночае прадпрымальніцтва як фактар устойлівага развіцця".

Другі мінскі гарадскі форум маці "Практыка малых спраў - важкі ўклад у развіццё горада" адбудзецца 11 кастрычніка. У сталіцы 12-15 кастрычніка разгорнецца выстава-форум "Мацярынства і дзяцінства".

Ушанаванне жанчын-маці пройдзе ў органах унутраных спраў, злучэннях і воінскіх часцях унутраных войскаў МУС. Запланавана наведванне сем'яў супрацоўнікаў і вайскоўцаў, якія загінулі пры выкананні службовага (воінскага) абавязку. 13 кастрычніка адбудзецца фінал рэспубліканскай акцыі "Сям'я! Служым разам!".

Віншаванне жанчын-маці з ліку вайскоўцаў і грамадзянскага персаналу пройдзе ў злучэннях, воінскіх часцях і арганізацыях Узброеных Сіл. У Цэнтральным доме афіцэраў павіншуюць актыў Беларускай грамадскай арганізацыі салдатскіх маці, Асацыяцыі членаў сем'яў вайскоўцаў, якія загінулі ў Афганістане "Памяць і доўг", Фонду сацыяльнай абароны ўдоў і дзяцей вайскоўцаў, якія загінулі ў лакальных ваенных канфліктах "Доўг".

Малебен у храмах Беларусі ва здраве ўсіх маці адбудзецца 14 кастрычніка.

У радзільных дамах павіншуюць жанчын, якія нарадзілі дзяцей у Дзень маці. Адбудзецца ўшанаванне маці з шматдзетных, прыёмных, апекунскіх сем'яў, маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Для іх правядуць дабрачынныя акцыі.

Акцыя "Здаровая мама - здаровае дзіця" пройдзе 14 кастрычніка. На працягу тыдня запланаваны сустрэчы і кансультацыі ў арганізацыях аховы здароўя па пытаннях аховы здароўя падлеткаў, жанчын і дзяцей.

У арганізацыях аховы здароўя 9-15 кастрычніка пройдзе акцыя "Тыдзень без абортаў".

Нацыянальны цэнтр усынаўлення накіруе віншавальныя паштоўкі маці, якія ўсынавілі ў 2016-2017 гадах другое ці наступнае дзіця.

Міністэрства юстыцыі, Рэспубліканская калегія адвакатаў, Беларуская натарыяльная палата арганізуюць акцыі па бясплатным юрыдычным кансультаванні шматдзетных маці ў Мінску і абласных цэнтрах на працягу тыдня.

Па добрай традыцыі ўшанаванне маці-сялянак "Зямны паклон, родная мама!" пройдзе ў Сусветны дзень сельскіх жанчын.

У гэтыя кастрычніцкія дні ўшануюць сямейныя пары - залатых і сярэбраных юбіляраў, адбудуцца святочныя мерапрыемствы сумесна з установамі культуры "У гасцях у бабулі".

Дабрачынная акцыя "Міласэрнасць" прадугледжвае наведванне адзінокіх пажылых жанчын у бальніцах сястрынскага догляду, у аддзяленнях дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў.

Ва ўстановах адукацыі адбудуцца святочныя мерапрыемствы для мам: ранішнікі, сустрэчы, выставы дзіцячай творчасці "Пра самага дарагога на свеце чалавека".

Круглы стол "Аб павышэнні ролі СМІ ў вырашэнні актуальных пытанняў паляпшэння здароўя жанчын, умацавання сямейных каштоўнасцей, прапагандзе здаровага ладу жыцця" адбудзецца 12 кастрычніка, будуць арганізаваны круглыя сталы і прэс-канферэнцыі па пытаннях аховы рэпрадуктыўнага здароўя, фарміравання здаровага ладу жыцця. Плануецца падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу сярод СМІ "Моцная сям'я - моцная дзяржава". Будуць абвешчаны вынікі інтэрнэт-конкурсу малюнкаў "Маміна ўсмешка".

У міністэрстве адзначылі, што ў 2016-2020 гадах сямейная палітыка накіравана на захаванне дасягнутых паказчыкаў нараджальнасці, умацаванне інстытута сям'і, выкарыстанне створаных механізмаў падтрымкі сям'і (фарміраванне сямейнага капіталу, аказанне матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем'ям да навучальнага года, прадастаўленне шырокага спектру сацыяльных паслуг сем'ям з дзецьмі і інш.). Гэта прадугледжана падпраграмай "Сям'я і дзяцінства" дзяржпраграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на бягучае пяцігоддзе.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)