Тыдзень маці стартуе сёння ў Беларусі. Розныя мерапрыемствы, акцыі, ушанаванні працягнуцца па 15 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Тыдзень маці стартуе сёння ў Беларусі. Розныя мерапрыемствы, акцыі, ушанаванні працягнуцца па 15 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Правядзенне Тыдня маці заклікана падтрымаць традыцыі беражлівых адносін да жанчыны, замацаваць сямейныя устоі. Да правядзення мерапрыемстваў гэтага тэматычнага тыдня прыцягваюцца міністэрствы культуры, інфармацыі, адукацыі, аховы здароўя, унутраных спраў і абароны. Значны ўклад уносіць грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын".
На забеспячэнне сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сям'і, ахову мацярынства і дзяцінства накіраваны Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, іншыя дзяржаўныя праграмы. У рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, Беларусь займае 25-ю пазіцыю сярод 179 дзяржаў свету, а сярод краін СНД наша рэспубліка знаходзіцца на вядучай пазіцыі. Нягледзячы на зніжэнне колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, у 2014 годзе ў Беларусі нарадзілася больш за 118 тыс. дзяцей - гэта самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў.
Па словах спецыялістаў, тэматычная праграма Тыдня маці ўключае як мерапрыемствы, якія ўжо сталі традыцыйнымі (урачыстыя прыёмы, канцэрты), так і мерапрыемствы новага фармату (сустрэчы ўдачэных, выставы-форумы).
У працоўных калектывах, па месцы службы пройдзе ўшанаванне жанчын-маці. Адбудуцца ўрачыстыя прыёмы ў гар-, рай- і аблвыканкамах, цырымоніі ўзнагароджання ордэнам Маці (гэтай узнагароды ў Беларусі ўдастоены 8094 жанчыны, якія нарадзілі і годна выхавалі пяць і больш дзяцей, з іх у бягучым годзе - 339 шматдзетных маці з розных рэгіёнаў краіны). У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання будуць ушаноўваць маці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны. У Міністэрстве спорту і турызму павіншуюць жанчын, якія працуюць у спартыўнай галіне.
Як і ў папярэднія гады, арганізуюць сустрэчы з жанчынамі - удзельніцамі Вялікай Айчыннай вайны, удовамі, маці і жонкамі воінаў, якія ўдзельнічалі ў лакальных канфліктах, з мужамі і маці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама наведванне сем'яў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў, загінулых пры выкананні воінскага абавязку. У Цэнтральным доме афіцэраў пройдзе ўрачысты прыём для членаў грамадскіх аб'яднанняў "Рэспубліканская асацыяцыя членаў сем'яў ваенных, загінулых у Афганістане "Памяць і доўг", "Фонд сацыяльнай абароны ўдоў і дзяцей ваеннаслужачых, загінулых у лакальных ваенных канфліктах "Доўг", Беларускай грамадскай арганізацыі салдатскіх маці.
У радзільных дамах будуць віншаваць жанчын, якія нарадзілі дзяцей у Дзень маці.
Адбудзецца ўшанаванне маці з шматдзетных, прыёмных, апекунскіх сем'яў, маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, для іх арганізуюць дабрачынныя акцыі. Святочная сустрэча ўдачарыцеляў пройдзе на базе Нацыянальнага цэнтра ўдачарэння ў рамках праекта "Псіхалагічная гасцёўня".
Запланавана ўшанаванне залатых і сярэбраных юбіляраў. Сумесна з установамі культуры пройдуць святы "У гасцях у бабулі". Прадугледжваецца наведванне дамоў ветэранаў і дамоў састарэлых, бальніц сястрынскага догляду, аддзяленняў дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў.
Асаблівая ўвага падчас мерапрыемстваў Тыдня маці будзе нададзена павышэнню прэстыжу сям'і, усвядомленага бацькоўства.
Адбудуцца круглыя сталы і прэс-канферэнцыі па пытаннях аховы рэпрадуктыўнага здароўя, фарміравання здаровага ладу жыцця. У арганізацыях аховы здароўя правядуць кансультаванне падлеткаў, жанчын і дзяцей па праблематыцы захавання і ўмацавання здароўя. Адвакаты дадуць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для шматдзетных маці. Будзе арганізавана бясплатнае кансультаванне па пытаннях сямейна-шлюбных адносін, выхавання дзяцей, здаровага ладу жыцця, сацыяльных льгот і гарантый, псіхолага-педагагічных, медыцынскіх і прававых аспектаў.
На працягу тыдня пройдуць тэматычныя святочныя акцыі, канцэрты, ранішнікі, выставы дзіцячай творчасці "Пра самага дарагога на свеце чалавека", вечары адпачынку, кніжныя выставы, спартыўныя спаборніцтвы, масавыя сямейныя і дабрачынныя мерапрыемствы. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы пройдзе літаратурна-музычны вечар "Спявала маці над калыскай", адбудзецца акцыя "Музей у падарунак маме".
На базе УА "Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі" 14-17 кастрычніка адбудзецца выстава-форум "Мацярынства і дзяцінства".
Навіны Беларусі (БЕЛТА)