Тыдзень памяці П.М. Машэрава адкрываецца сёння ў Расонскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Расонскім райвыканкаме.

Тыдзень памяці П.М. Машэрава адкрываецца сёння ў Расонскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Расонскім райвыканкаме.

Акцыя, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага грамадска-палітычнага дзеяча Беларусі другой паловы XX стагоддзя, пачнецца з урачыстага адкрыцця ў райцэнтры алеі Славы героям Расоншчыны, размешчанай каля Музея баявой садружнасці. Удзельнікі мерапрыемства – прадстаўнікі раённых і абласных органаў улады, мясцовыя жыхары, госці – пройдуць уздоўж сямі гранітных памятных знакаў. На іх ушанаваны імёны Герояў Савецкага Саюза С.І. Жукава, А.К. Шаляпеня, В.А. Хамчэноўскага, П.І. Рубіса, а таксама Герояў Сацыялістычнай Працы А.С. Гарэцкай, Т.І. Хмяльковай. Іх памяць усе прысутныя ўшануюць хвілінай маўчання.

Працягнецца мерапрыемства ў музеі. Сваімі ўспамінамі аб супольных баявых буднях з Машэравым падзеліцца мясцовы жыхар, 92-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Палявечка, які ваяваў з ім у адным атрадзе. Пра цікавыя дэталі мірных будняў раскажа пенсіянерка Ала Трашчэнка, якая ўзначальвала ў 1970-я гады калгас "Расоны". Поўнае ўражанне аб шматгранным асобе гэтага чалавека дапамогуць сфарміраваць мультымедыйная прэзентацыя "Расонскі край у лёсе П.М. Машэрава", архіўная фотавыстава і выступленні ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі "Расонскі край: гісторыя, культура, людзі", якая збярэ прадстаўнікоў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Ваенна-навуковага таварыства пры Мінабароны, ВДУ імя П.М. Машэрава, Полацкага дзяржуніверсітэта.

У раёне запланаваны таксама тэматычныя выставы ў бібліятэках, вечары памяці, круглыя сталы ва ўстановах адукацыі. Шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння П.М. Машэрава, шырока праходзяць у гэтыя дні і ў іншых рэгіёнах Віцебскай вобласці.

Пётр Міронавіч Машэраў нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна. У жніўні 1941 года арганізаваў і ўзначаліў падполле ў Расонах, з красавіка 1942-га быў камандзірам партызанскага атрада імя М.А.Шчарса, з сакавіка 1943-га - камісарам партызанскай брыгады ім. К.К.Ракасоўскага. Член ВКП(б) з сакавіка 1943 года. Першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі з 1965 года, кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС з 1966 года. Герой Савецкага Саюза (1944), Герой Сацыялістычнай Працы (1978). З'яўляўся выдатным савецкім партыйным дзеячам, які карыстаўся вялікай папулярнасцю і падтрымкай у насельніцтва.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)