Тыдзень памятных мерапрыемстваў "На сцяжынцы жыцця", прысвечаных 95-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, стартуе сёння на яго малой радзіме - ва Ушацкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.

Асноўнымі месцамі правядзення мерапрыемстваў стануць аграгарадок Кублічы, вёска Бычкі і райцэнтр Ушачы. На працягу тыдня пройдуць выставы пра жыццё і творчасць вядомага літаратара, раённы конкурс вакальных калектываў, пакажуць фільмы пра творчасць земляка. У Кубліцкай бібліятэцы ўдзельнікі "Літаратурнай гасцёўні" абмяркуюць падыход Васіля Быкава да тэмы вайны ў творчасці.

У дзень нараджэння пісьменніка, 19 чэрвеня, у яго роднай вёсцы Бычкі арганізуюць канцэртную праграму з тэатральнай пастаноўкай аповесці "Знак бяды", а таксама экскурсіі па музеі-сядзібе.

Васіль Быкаў - беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна ў сялянскай сям'і. У сваіх аповесцях літаратар паказаў вайну праз прызму перажыванняў чалавека, яго маральнага выбару ў найбольш драматычныя моманты жыцця. Шырокую вядомасць ён атрымаў пасля выхаду аповесці "Трэцяя ракета". Васіль Быкаў - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1974 год) і БССР (1978), Герой Сацыялістычнай Працы (1984), народны пісьменнік Беларусі (1980) і лаўрэат Ленінскай прэміі (1986). Памёр пісьменнік 22 чэрвеня 2003 года, пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)