Тыдзень роднай прыроды пройдзе ў Беларусі з 22 па 29 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

Мерапрыемства прысвечана Году малой радзімы і праводзіцца да святкавання Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці (22 мая). НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, Цэнтральны батанічны сад і Інстытут лесу падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў.
Семінар-адкрыццё, прысвечаны Міжнароднаму дню біялагічнай разнастайнасці, з удзелам кіраўніцтва НАН Беларусі, Аддзялення біялагічных навук і навуковых арганізацый пройдзе 22 мая а 11.00. Батанічны і заалагічны чацвер запланаваны на 23 мая. У гэты ж дзень стартуе IX Міжнародны навукова-практычны і навучальны семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці "лясная гаспадарка" ("лясная справа").

У Цэнтральным батанічным садзе 24 мая адбудуцца экскурсіі "Прыродная флора ў экспазіцыях і калекцыях Цэнтральнага батанічнага саду" і "Дэкаратыўныя расліны прыроднай флоры Беларусі". У суботу і нядзелю, 25-26 мая, з 10.00 да 18.00 у Цэнтральным батанічным садзе пройдзе гульнявы сямейны фестываль TOYDAY. Плануецца, што наведвальнікі змогуць не толькі ўбачыць рэдкія і знікаючыя віды раслін, але і набыць іх узоры ў краме саду.

28 мая пройдзе акцыя па азеляненні тэрыторый школ сумесна са школьнікамі ў Мінску і Гомелі.

На працягу Тыдня роднай прыроды вядучыя навукоўцы арганізацый Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі выступяць перад грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, прымуць удзел у прэзентацыях і святочных мерапрыемствах.

Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці абвешчаны Генасамблеяй ААН у 1995 годзе. Мэта свята - павысіць дасведчанасць грамадства ў пытаннях захавання экалагічнай сістэмы, звярнуць увагу грамадскасці на праблему бяззваротнага знікнення на Зямлі многіх прадстаўнікоў флоры і фауны.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)