30 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тыдзень цвярозасці пачаўся ў Пастаўскім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Пастаўскага райвыканкама Галіна Чаплінская.
Па ініцыятыве Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта і рымска-каталіцкіх рэлігійных арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі раёна, у раён з Гродна, Слоніма, Мінска прыехалі 15 спецыялістаў па рабоце з алкаголезалежным насельніцтвам. На працягу тыдня яны правядуць каля 40 сустрэч у працоўных, навучальных калектывах, па месцы жыхарства з сацыяльна небяспечнымі сем'ямі, асобамі, схільнымі да злоўжывання алкаголем. Мяркуецца таксама індывідуальнае кансультаванне людзей, якія выказалі жаданне пакончыць з згубнай звычкай. Па вечарах у касцёлах будуць праводзіцца службы за здаровы лад жыцця і адмову ад ужывання алкаголю.
Акцыя стартавала сёння з круглага стала, у якім прынялі ўдзел спецыялісты раённых службаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна і прыбылыя спецыялісты, абмяркоўваліся праблемы прафілактыкі алкагалізму і арганізацыі антыалкагольнай прапаганды. Завершыцца акцыя 5 лютага падвядзеннем вынікаў сустрэч, таксама будуць намечаны далейшыя мерапрыемствы па правядзенні Дзён цвярозасці і арганізацыі антыалкагольнай прапаганды.
Па словах Галіны Чаплінскай, на працягу тыдня ніякіх дадатковых абмежавальных мер па рэалізацыі спіртнога ў раёне ўводзіцца не мяркуецца. "У нас па-ранейшаму дзейнічае распараджэнне райвыканкама аб забароне продажу спіртнога ў дні выдачы заработнай платы і ў два наступныя дні", - дадала яна. -0-
БЕЛТА
Тыдзень цвярозасці пачаўся ў Пастаўскім раёне
30.1.20120 праглядаў