29 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Партыя ялавічыны коштам звыш Br800 млн. канфіскавана ў Лёзненскім раёне, паведамілі на брыфінгу ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭЗ) УУС Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Супрацоўнікі міліцыі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і Дзяржаўтаінспекцыі на дарозе Віцебск - Лёзна - мяжа Расійскай Федэрацыі каля вёскі Заольша спынілі фуру пад кіраваннем работніка адной з расійскіх фірмаў. Мужчына спрабаваў вывезці ў Расію больш за 20 т мяса, дакументы на частку якога адсутнічалі альбо не адпавядалі рэчаіснасці: накладныя былі выпісаны на груз, падобны па апісанні. Нелегальная партыя мяса, найбуйнейшая сёлета з затрыманых на тэрыторыі рэгіёна, канфіскавана. Прадукцыя перададзена на адказнае захоўванне на Віцебскі халадкамбінат. На машыну накладзены арышт. На юрыдычную асобу складзены адміністрацыйны пратакол па ч.4 арт.12.17 КаАП РБ. Усяго сёлета на тэрыторыі Віцебскай вобласці супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі больш за 30 затрыманняў нелегальных грузаў мяса (свініны, ялавічыны), у выніку якіх было канфіскавана каля 80 т прадукцыі на суму звыш Br2 млрд.-0-

БЕЛТА