З 8 па 17 красавіка на тэрыторыі Лепельскага раёна праводзіцца асноўны этап рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Дом без гвалту!», бо праблема сямейных дэбашыраў застаецца вельмі актуальнай у нашым грамадстве.

З 8 па 17 красавіка на тэрыторыі Лепельскага раёна праводзіцца асноўны этап рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Дом без гвалту!», бо праблема сямейных дэбашыраў застаецца вельмі актуальнай у нашым грамадстве.

У межах акцыі ў Лепельскім РАУС прайшло выязное пасяджэнне раённага суда на чале са старшынёй суда Лепельскага раёна Міхаілам Юрчанка, дзе разглядаліся справы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да грамадзян, якія здзейснілі гвалт у сям'і.

Адразу адзначым, у прысутных на судзе ланцужок падзей падобны: выпілі спіртнога – уладкавалі скандал – трапілі ў міліцыю – апынуліся на пасяджэнні суда. Але цяпер, упэўнены, такія прыгоды ім запомняцца надоўга.

Абставіны з адной справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 10.1 КоАП. Мужчына пражывае ў адной з вёсак Лепельскага раёна разам з жонкай, з якой днямі ўладкаваў скандал. Лаяўся нецэнзурнай лаянкай, крычаў, пагражаў жонцы фізічнай расправай, прычыніўшы ёй псіхічныя пакуты. Тая доўга трываць не стала і выклікала міліцыю. Дадамо, правапарушальнік у шлюбе з жонкай — больш за 30 гадоў, і да гэтага часу жонка не звярталася ў РАУС.

- Чаму здзейснілі такія дзеянні? – задае пытанне Міхаіл Рыгоравіч.

— Мне ў гэты дзень сказалі, што жонка здраджвае, але я нават не думаў, што яна выкліча міліцыю з-за нашай сваркі. Такога больш не паўторыцца. Прабачце мяне, -- з раскаяннем кажа мужчына.

Грамадзянін некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці ў мінулым годзе за правапарушэнні па лініі ДАІ, таксама раней быў асуджаны.

Суд пастанавіў затрыманага прызнаць вінаватым у здзяйсненні правапарушэння і падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

У аснове іншай справы, разгляданай судом, падобная сітуацыя. 1985-га года нараджэння мужчына пражывае разам са сваёй састарэлай маці. Не жанаты, дзяцей не мае, можна сказаць, мама – самы блізкі ў гэтым жыцці чалавек. 

Некалькі разоў гэты грамадзянін ужо прыцягваўся ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 10.1 КоАП, за аналагічныя дзеянні. Акрамя гэтага, знаходзіцца на ўліку ў урача-наркалога ў сувязі з алкагольнай залежнасцю.

-- Ну я ж не пастаянна п'ю.Падрабаляю, пасля працы магу выпіць. Але сваю віну прызнаю, -- пачаў аповяд мужчына.

-- Што адбылося ў той вечар? – задаў пытанне старшыня суда.

-- Маці да гэтага мне казала: «Вып'еш, выклічу міліцыю». Тады прыйшоў з працы, пераапрануўся. Сустрэўся з Андрэем, выпіў 0,5 гарэлкі на дваіх, потым яшчэ 0,7 гарэлкі. Калі вярнуўся дадому па цыгарэты, маці выклікала міліцыю.

-- І ўсё? А навошта тады кажаце, што прызнаеце сваю віну?

-- Каб менш штрафу далі.

З тлумачэнняў маці, сын а 23 гадзіне 15 хвілін учыніў скандал, патрабаваў у яе грошы на спіртное, хапаў яе за кофту ў вобласці горла, выказваўся нецэнзурнай лаянкай, прычыніў ёй псіхічныя пакуты. Затым узяў грошы ў памеры 15 рублёў і пайшоў на вуліцу, таму яна і выклікала міліцыю.

На пасяджэнні ўсе спрабавалі пераканаць суд у сваім раскаянні. Але… пацярпелыя ёсць, зварот у міліцыю, пратакол складзены – пара адказваць па законе.

Міхаіл Рыгоравіч прысутным нагадаў, што за здзяйсненне любога правапарушэння законам прадугледжана пакаранне.

Памыліцца можа кожны чалавек. Блізкія часцей за ўсё гатовыя дараваць памылку, але калі гэта становіцца заканамернасцю, любому цярпенню прыходзіць канец.

На жаль, некаторыя грамадзяне не хочуць весці законапаслухмяны лад жыцця і сваімі паводзінамі не толькі перашкаджаюць блізкім, але і падвяргаюць іх псіхічнаму і фізічнаму гвалту, небяспецы для жыцця. Пакутуюць дзеці. Гэта недапушчальна. У нашай дзяржаве хатні гвалт знаходзіцца пад кантролем, прымаюцца меры, каб падобныя факты не адбываліся.

Але вельмі часта ахвяры хатняга гвалту не звяртаюцца ў органы ўнутраных спраў на пачатковых этапах уздзеяння на іх сямейнага агрэсара. І як бы ні стараліся супрацоўнікі міліцыі выявіць праблемныя сем'і, без дапамогі навакольных зрабіць гэта немагчыма. Відавочцы такіх сітуацый - сваякі, настаўнікі, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, суседзі не павінны заставацца абыякавымі. На жаль, часта толькі пасля трагедыі навакольныя пачынаюць гаварыць, што падазравалі неладное, бачылі сінякі на твары жанчыны, страх дзяцей перад бацькам. Важна біць трывогу пры першых званках. Толькі ўсе разам грамадзяне змогуць заклікаць сямейных дэбашыраў да адказу.

Наталля Храпавіцкая. Газета "Лепельскі край"