13 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Грамадскае абмеркаванне неабходнасці стварэння помніка князю крыўскаму і віцебскаму, вялікаму князю літоўскаму і рускаму Альгерду Гедзімінавічу пачалося сёння ў Віцебску ў музеі "Духоўскі круглік", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ідэя стварэння помніка князю - выбітнаму палітычнаму дзеячу сваёй эпохі, які нямала зрабіў для станаўлення Віцебска як гандлёвага і палітычнага цэнтра Вялікага Княства Літоўскага, вітала ў абласным цэнтры даўно. У цяперашні час вызначана месца, дзе магчыма ўсталяванне помніка, створаны яго макет, паведаміў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Шлома. Паводле яго слоў, перш чым прыняць рашэнне аб лёсе помніка, мясцовыя ўлады вырашылі прыцягнуць увагу да гэтай тэмы шырокага кола грамадскасці. Характэрна, што старт абмеркаванню быў дадзены ў музеі "Духоўскі круглік", які пабудаваны на аўтэнтычным падмурку і знешне нагадвае адну з вартавых вежаў, узведзеных вакол Віцебскага замка князем Альгердам. У абмеркаванні прынялі ўдзел гісторыкі, археолагі, архітэктары, святары, чыноўнікі, журналісты, неабыякавыя гараджане. Паводле іх аднадушнага меркавання, помнік гістарычнаму персанажу ў горадзе неабходна ствараць. Так, вядомы археолаг Таццяна Бубенька лічыць, што стварэнне помніка Альгерду выкліча станоўчыя водгукі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. "Гэта першы віцебскі князь, пра якога ёсць дакладныя факты. Яго дзейнасць на палітычнай арэне выклікае глыбокую павагу", - канстатавала яна. Дацэнт кафедры гісторыі Віцебскага дзяржуніверсітэта Анатоль Дулаў адзначыў, што Альгерд паспяхова ваяваў супраць крыжакоў, а з пачатку 1350-х гадоў вёў барацьбу супраць Залатой Арды. У 1362 годзе перамог татар у бітве на рацэ Сінія Воды, у выніку чаго ад акоў былі вызвалены Кіеўская зямля з Кіевам, а таксама Валынь і Падолле. Скульптурны вобраз Альгерда цяпер захаваны толькі ў адным помніку - мануменце, прысвечаным тысячагоддзю Русі, які ўсталяваны ў Вялікім Ноўгарадзе. На афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкама адкрыта галасаванне па стварэнні помніка князю Альгерду. Пакуль гараджане схіляюцца на карысць помніка. У выпадку, калі праект атрымае грамадскае адабрэнне, ён будзе вынесены на разгляд Міністэрства культуры і кіраўніка дзяржавы.-0-

БЕЛТА