Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры неасцярожным абыходжанні з агнём пры курэнні – узначальвае рэйтынг прычын пажараў, ад якіх загінулі людзі. З пачатку года на тэрыторыі Лепельскага раёна адбылося па гэтай прычыне 8 пажараў, ад якіх загінулі 6 чалавек. Гэта шмат ці мала?
За кожнай лічбай не толькі абарванае жыццё, але і зламаныя лёсы сем'яў: хтосьці страціў сына, хтосьці – бацьку… Для кагосьці гэта проста лічба, бо большасць упэўнена, што гэта іх не закране, гэта адбылося дзесьці далёка ў іншым горадзе, на іншай вуліцы… І толькі тады, калі бяда ўваходзіць у дом, чалавек пачынае задумвацца, што гэтага магло б і не здарыцца, калі б…
Выратавальнікі лічаць, што пазбегнуць пажару з-за курэння можна і для гэтага не патрабуецца ніякіх затрат. Калі вы ці вашы родныя не можаце адмовіцца ад шкоднай звычкі назаўсёды, выключыце яе ў доме. Калі ваш сусед аматар не толькі пакурыць, але і злоўжыць алкаголем – біце трывогу. Побач з вамі «міна» запаволенага дзеяння. Як правіла, сцэнар «Выпіў. Закурыў. Заснуў» дзейнічае. І гэта пацвярджае статыстыка.
Неасцярожнае абыходжанне з тлеючай цыгарэтай ці запалкамі непазбежна становіцца прычынай трагедый. Часта людзі кідаюць запалкі і недакуркі куды трапіла, кладуць іх на лёгкаўзгаральныя прадметы. Малалетнія курцы выбіраюць прыдатныя месцы, уцякаючы адтуль пры з'яўленні дарослых і кідаючы цыгарэты непатушанымі. Недакуркі, кінутыя з верхніх паверхаў, часта трапляюць на балконы, у адкрытыя форткі ніжніх паверхаў. А найбольш распаўсюджаным сцэнарыем перадгісторыі трагедый з'яўляецца курэнне ў ложку ў стане алкагольнага ап'янення.
Паважаныя грамадзяне! Выконвайце правілы пажарнай бяспекі ў быце, не дапускайце курэння ў жылых памяшканнях, сачыце за тым, каб запалкі і цыгарэты пасля выкарыстання былі патушаны. Усталюйце ў жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія ў выпадку ўзнікнення пажару своечасова апавясцяць вас аб небяспецы. І памятайце: адна непатушаная цыгарэта можа загубіць жыццё, і не адно! Агонь бязлітасны, беражыце сябе і сваіх блізкіх!