На большай частцы тэрыторыі краіны адзначаюцца складаныя ўмовы надвор'я. Тэмпература каля нуля, мокры снег з дажджом, дрэнная бачнасць і галалёдзіца значна ўскладняюць дарожную сітуацыю.
Вадзіцелям важна выбіраць найбольш бяспечную хуткасць, дыстанцыю і бакавы інтэрвал. Не дапускаць рэзкіх манеўраў і непрадказальных паводзін, асабліва пры праездзе пешаходных пераходаў і скрыжаванняў, закругленняў дарог. Варта прышпіліцца самім і забяспечыць бяспечную перавозку пасажыраў, асабліва дзяцей.
Ва ўмовах дрэннай бачнасці ўсім важна зрабіць сябе заўважнымі на дарозе: вадзіцелям уключыць святло фар, пешаходам абазначыць сябе флікерамі.
Пры пераходзе праезнай часткі варта быць максімальна ўважлівымі, глядзець па баках, пачынаць пераход, толькі пераканаўшыся, што вадзіцелі вас заўважылі і паспелі спыніць транспартны сродак.
Памятайце пра непрадказальнасць зімовай дарогі, будзьце асцярожныя, беражыце сябе і навакольных.