11 мая, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Неразменную манету адчаканіў "Славянскі базар", расказаў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Манета наміналам "21 базар" - гэта сувенір на памяць аб XXI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Такіх манет выпушчана ўсяго 500 штук. Купіць іх можна будзе ў пунктах продажу цэнтра культуры "Віцебск". Кошт аднаго такога сувеніра складзе Br80 тыс. Радзівон Бас жартаўліва адзначыў, што такім чынам фестываль павышае сваю даходнасць. Але ў кожным жарце ёсць доля праўды: усе сродкі ад продажу "21 базара" пойдуць у даход фестывалю. Варта адзначыць, што ўласны друкаваны двор у фестывалю існуе даўно. Кожны год ён выпускае "васількі" - своеасаблівыя фестывальныя грошы, якія атрымліваюць госці фестывалю. Да аплаты гэту фестывальную грашовую адзінку бяруць гандлёвыя арганізацыі і аб'екты грамадскага харчавання, якія заключылі дагавор з дырэкцыяй фестывалю на абслугоўванне гасцей.-0-

БЕЛТА