Пра электаральны суверэнітэт, электроннае галасаванне і літаратуру. Пра што моладзь Віцебска размаўляла са старшынёй ЦВК Беларусі Ігарам Карпенкам?
На «Невыпадковую сустрэчу» з Ігарам Карпенкам у межах новага адукацыйнага праекта ў КЗ «Віцебск» сабралася больш за 200 маладых людзей – студэнтаў і тых, хто працуе на прадпрыемствах. Шмат хто з іх упершыню галасаваў на выбарах Прэзідэнта ў студзені 2025 года.
Вітаючы моладзь, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі адзначыў высокую актыўнасць у мінулай электаральнай кампаніі менавіта гэтай катэгорыі выбаршчыкаў: на ўчасткі прыйшлі 96 % з заяўленых у спісах.
Пасля аб’ёмнага электаральнага цыклу, які ўключаў правядзенне рэферэндуму, Адзінага дня галасавання і выбараў Прэзідэнта, Цэнтральная выбарчая камісія заўсёды аналізуе дзейнасць участковых камісій і арганізатараў. І такія сустрэчы з моладдзю – гэта не толькі частка асветніцкай дзейнасці ЦВК, але і магчымасць з першых вуснаў даведацца меркаванне падрастаючага пакалення аб існуючай электаральнай сістэме, сабраць іх ініцыятывы і прапановы.
– Нам важна захоўваць сувязуючую ніць паміж пакаленнямі, якая цэментуе і аб’ядноўвае беларускае грамадства. Выбудоўваць палітыку неабходна такім чынам, каб моладзь уключалася ў грамадскія, сацыяльна значныя праекты, у развіццё эканомікі, культуры і іншых сфер. Сённяшняя сустрэча, з аднаго боку, нефармальная, з другога – надзвычай актуальная для нас. Мы часта назіраем за прыкладамі, калі для расхіствання стабільнасці дзяржавы, на выбарчую сістэму аказваюць уплыў з-за мяжы. Галоўным рычагом уздзеяння, як правіла, выступае моладзь. Нам важна ўключаць маладых грамадзян у грамадска-палітычныя працэсы Беларусі, каб яны разумелі, як функцыянуе выбарчая сістэма, і фарміравалі высокі ўзровень даверу да яе.
Цікавіліся маладыя людзі ў Ігара Карпенкі пытаннямі, звязанымі з лічбавізацыяй працэсу выбараў, укараненнем розных сэрвісаў, у тым ліку тых, што дазваляюць праводзіць электроннае галасаванне. Кіраўнік ЦВК расказаў, што не выключае такой магчымасці, але ў першую чаргу акцэнтаваў увагу на сэрвісах, якія дазволяць палегчыць працу арганізатараў – стварэнне рэестра выбаршчыкаў, а таксама праграмнага забеспячэння, якое аўтаматызуе працэс сверкі і верыфікацыі подпісаў у падтрымку кандыдатаў.
Цікавіліся ў Ігара Карпенкі тым, што яго натхняе, матывуе, а некаторыя хлопцы прасілі параду для прафесійнага росту.
Настаўнік грамадазнаўства з віцебскай школы №33 Максім Малінец сустрэчу пакінуў не з пустымі рукамі. Малады чалавек вырашыў пацікавіцца, якую ацэнку старшыня ЦВК паставіў бы сабе як міністру адукацыі і ці задаволены ён якасцю сённяшняй сістэмай навучання.
Дарэчы, кіраўнік ЦВК мае педагагічную адукацыю, а ў перыяд з 2016 па 2021 год займаў пасаду міністра.
За лепшае пытанне Ігар Карпенка падарыў хлопцу кнігу «Сімвалы суверэннай Беларусі».
– Я не чакаў такога павароту падзей. Мне проста хацелася пацікавіцца, як у калегі-педагога, аб актуальных задачах перад сістэмай адукацыі, даведацца яго прафесійны погляд. У выніку атрымаў не толькі зарад пазітыву і матывацыю ад зносін, але і прыемны прэзент.