22 лістапада, Ворша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац сутыкнуўся з тым, што некаторыя праблемы людзей, звязаныя з пытаннямі ЖКГ, у Воршы і Аршанскім раёне мясцовыя камунальнікі пачалі вырашаць толькі пасля праведзенага ім прыёму грамадзян, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На выкананне даручэння Прэзідэнта Беларусі міжведамасная рабочая група ў складзе прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у лістападзе праводзіць другі этап маніторынгу стану работы дзяржаўных органаў і арганізацый Віцебскай вобласці па вырашэнні найбольш вострых праблем, якія хвалююць насельніцтва. Спецыялісты міжведамаснага гурта праводзяць у Лёзненскім, Ушацкім і Аршанскім раёнах выязныя прыёмныя, прамыя тэлефонныя лініі і сустрэчы ў працоўных калектывах. Спектр пытанняў і тэм, якія цікавяць міжведамасную рабочую групу, разнастайны: ад пытанняў выкарыстання бюджэтных сродкаў, фінансава-гаспадарчай дзейнасці прамысловых, аграрных, будаўнічых, жыллёва-камунальных прадпрыемстваў, арганізацый сацыяльнай сферы да работы чыноўнікаў з грамадзянамі.
Міністр ЖКГ сёння ў Воршы прыняў два дзясяткі грамадзян, многія з якіх звярталіся з калектыўнымі скаргамі на работу жыллёва-эксплуатацыйных участкаў, якасць і тэрміны капітальных рамонтаў, безадказнасць работнікаў ЖЭУ, адпіскі мясцовых уладаў на іх законныя патрабаванні. "Паражае, што самі даяце абяцанне, але не выконваеце яго. Вы такім чынам сябе дыскрэдытуеце", - канстатаваў міністр.
Усе ўзнятыя грамадзянамі падчас прыёму пытанні ўзяты на кантроль. "Гэты прыём прымусіць мясцовых чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў вырашаць праблемы людзей", - сказаў Андрэй Шорац.-0-
БЕЛТА
Нявыкананыя абяцанні дыскрэдытуюць камунальнікаў - А.Шарэц
22.11.20120 праглядаў