Мясцовы фонд падтрымкі і развіцця мастацтва абвяшчае творчы конкурс сцэнарыяў мастацкіх фільмаў. Аўтар лепшай працы атрымае ў якасці ўзнагароджання Br10 тыс. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў арганізатар конкурсу, заснавальнік фонду, прадзюсар Аляксандр Мышалаў.

Аўтарам прапанаваны на выбар чатыры тэмы для будучых фільмаў. У аснове сюжэта могуць быць падзеі са спартыўнага і асабістага жыцця Вольгі Корбут або Аляксандра Мядзведзя, гісторыя клуба "Дынама-Мінск", які стаў чэмпіёнам СССР 1982 года, або творчы шлях ВІА "Песняры" і яго ўдзельнікаў.

"Гэтыя гісторыі маюць яркіх харызматычных герояў і драматургічны патэнцыял, - растлумачыў Аляксандр Мышалаў. - Шлях "Дынама-Мінск" да залатых медалёў у 1982 годзе - гэта проста падарунак для драматурга, гатовы сюжэт, дзе застаецца толькі выбраць галоўнага героя. У спартыўнай кар'еры Аляксандра Мядзведзя столькі проціборства і барацьбы (у прамым сэнсе слова), што хопіць на сюжэт не толькі аднаго фільма. Гэта спадабаецца не толькі мужчынам, але і жанчынам, якім так патрэбны моцныя мужчыны".

Гісторыя Вольгі Корбут, на думку прадзюсара, таксама напоўнена перыпетыямі і нечаканымі паваротамі. "Яна ўвайшла ў міжнародную гісторыю гімнастыкі. Акрамя спорту, яна, як мне здаецца, чалавек з глыбокім унутраным драматызмам, цікавы чалавек", - сказаў ён. Што тычыцца ВІА "Песняры", то гэта захапляльная гісторыя поспеху музычнага калектыву мужчынскага шматгалосся.

"Усе гэтыя тэмы могуць лакалізавацца ў яркіх сцэнарыях, заснаваных на падзеях кароткага прамежку часу або на лакальнай гісторыі, але могуць лягчы і ў аснову доўгай гісторыі, таму на перспектыву думаем пра серыял", - адзначыў прадзюсар.

Па яго словах, галоўныя патрабаванні да сцэнарыяў - арыгінальны сюжэт па матывах рэальных падзей і патэнцыял для стварэння мастацкага серыяла. Мяркуемы хранаметраж фільмаў - ад 90 да 120 хвілін.

Мінімальнае ўзнагароджанне аўтару сцэнарыя па выніках конкурсу складзе Br10 тыс. незалежна ад лёсу праекта. "Акрамя таго, пасля запуску праекта аўтар зможа працягнуць працу над фільмам у складзе здымачнай групы і пры ўмове падпісання кантракта атрымаць Br5 тыс. пасля запуску ў вытворчасць і столькі ж - па заканчэнні вытворчасці", - адзначыў арганізатар конкурсу.