2 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрыты фотаконкурс "У аб'ектыве - малая радзіма" абвешчаны ў Полацкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца непрафесійныя фатографы ва ўзросце да 31 года. Фотааматары могуць паспрабаваць свае творчыя сілы ў трох намінацыях: "Мая малая радзіма - гэта..." (работы, якія дэманструюць незвычайны падыход аўтара да сюжэта і кампазіцыі фатаграфіі, зробленыя ў населеным пункце, які з'яўляецца малой радзімай аўтара або сюжэтна звязаныя з гэтым месцам); "Прырода маёй малой радзімы" (віды населенага пункта, які з'яўляецца малой радзімай аўтара, у розны час года); "Партрэт жыхара маёй малой радзімы" (фотапартрэт, які акрамя знешняга, індывідуальнага аблічча, павінен адлюстроўваць характар чалавека, яго духоўны свет, эпоху, у якую ён жыве). У кожнай намінацыі ад удзельніка прымаецца не больш за тры работы.
Работы ў электронным выглядзе з заяўкамі аб удзеле прымаюцца па 9 жніўня. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў (па адным у кожнай намінацыі) адбудзецца 11 жніўня.
Фотаконкурс закліканы садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню і развіццю творчай дзейнасці моладзі. Праводзіцца ў рамках раённага імідж-шоу "Фаліноўская марка". Арганізатарам выступае аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама.-0-