У Віцебску на плошчы Свабоды ўжо амаль месяц працуе шматфункцыянальны павільён Віцебскага філіяла РВУП «Белсаюздрук». У параўнанні са звычайным кіёскам тут значна шырэйшы асартымент тавараў, ёсць сучасная кавамашына. Таксама пакупнікі могуць скарыстацца высакахуткасным інтэрнэтам і зарадзіць гаджэты. Гэта ўжо другі шматфункцыянальны разумны павільён «Белсаюздруку» на Віцебшчыне – першы год таму быў усталяваны ў Оршы.

У Віцебску на плошчы Свабоды ўжо амаль месяц працуе шматфункцыянальны павільён Віцебскага філіяла РВУП «Белсаюздрук». У параўнанні са звычайным кіёскам тут значна шырэйшы асартымент тавараў, ёсць сучасная кавамашына. Таксама пакупнікі могуць скарыстацца высакахуткасным інтэрнэтам і зарадзіць гаджэты. Гэта ўжо другі шматфункцыянальны разумны павільён «Белсаюздруку» на Віцебшчыне – першы год таму быў усталяваны ў Оршы.

Па словах начальніка гандлёвага аддзела Віцебскага філіяла РВУП «Белсаюздрук» Таццяны Рачонак, шматфункцыянальныя павільёны цікавыя маладым пакупнікам, дзякуючы якім у значнай ступені растуць продажы друкаваных выданняў і ў цэлым павялічваецца таваразварот гандлёвага пункта.

– Тут шырока прадстаўлена галантарэйная група, сувенірная прадукцыя, прадукты харчавання, у тым ліку разнастайныя асвяжальныя напоі, – кажа яна. – Выкладка зроблена па рэкамендацыях маркетолагаў. Напрыклад, дзіцячая друкаваная прадукцыя – на ўзроўні вачэй дзяцей. Разумны павільён прыцягвае ўвагу мінакоў. Людзі, зайшоўшы проста з цікаўнасці, могуць нешта купіць.

– Я жыву ў Гомелі, прыехала ў Віцебск у стаматалагічную клініку. У цягніку страціла грабянец для валасоў, – расказала Сняжана Іўшына. – Але прывесці сябе ў парадак трэба. Добра, што зайшла ў павільён «Белсаюздруку». Купіла расчоску і заадно папрасіла мне зрабіць каву – з дарогі яшчэ не паспела выпіць бадзёрага напою.

Аляксандр Сцяпаненка прыйшоў у павільён па газеты:

– Я жыву недалёка ад плошчы Свабоды, вельмі зручна, што тут акрамя друкаванай прадукцыі можна купіць тавары першай неабходнасці. Фактычна, гэты павільён – міні-маркет у крокавай даступнасці.

А вось зарадзіць гаджэты і скарыстацца інтэрнэтам у разумны кіёск пакуль заходзяць рэдка.

– Мусіць, пакупнікі яшчэ не прывыклі да новых паслуг у «Белсаюздруку», – мяркуе прадавец Лізавета Баранава. – Часцей за ўсё купляюць вафлі, шакаладкі, каву. Добра раскупляюцца канцылярскія прыналежнасці.

Для Елізаветы Баранавай праца ў такім месцы – цікавы прафесійны досвед.

– Я раней працавала ў звычайным кіёску «Белсаюздруку» на Маскоўскім праспекце, – кажа прадавец. – У павільёне значна цікавей, часцей размаўляеш з пакупнікамі. Людзі пытаюцца парады пры набыцці тавараў, просяць парэкамендаваць часопісы ці газеты па канкрэтных тэмах. Бывае, папутна распавядаюць пра сваё жыццё – стараюся, не адцягваючыся ад працы, падтрымаць гутарку.

Як паведаміла Таццяна Рачонак, наступны разумны павільён плануецца ўсталяваць у канцы года ў Віцебску на Прывакзальнай плошчы.