Ніякіх рэзкіх целарухаў у эканоміцы не трэба - А.Лукашэнка
15.4.20110 праглядаў
15 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Ніякіх рэзкіх целарухаў у эканоміцы не трэба. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб бягучых пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ніякіх рэзкіх рухаў, целарухаў быць не павінна. Фінансы і грошы не любяць гэтага - гвалту і рэзкіх рухаў. Ды і людзі ўжо, напэўна, усё, што хацелі, схапілі. Таму давайце выбудоўваць акуратна, мэтанакіравана тую палітыку, якой мы павінны цяпер прытрымлівацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, як урад, так і Нацбанк не адрэагавалі ў час на тыя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў свеце. "Мы прадбачылі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, што нас будуць ціснуць мэтанакіравана і метадычна, дэстабілізуючы абстаноўку. Так яно і адбылося: спачатку на валютным рынку, потым на харчовым, а потым рванула ў метро - цэлы ланцуг", - сказаў Прэзідэнт.
"Сумна, што сёння сабраліся прадстаўнікі Нацбанка і ўрада ў Прэзідэнта і чакаюць нейкіх дадатковых рашэнняў. Няўжо вы не можаце самі вызначыцца, дамовіцца і прыняць узгодненае рашэнне, няхай нават не папулярнае? Прэзідэнт сваё слова сказаў, чаму вы чакаеце яшчэ нейкіх указанняў?" - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што з усімі праблемамі ў эканоміцы можна справіцца сваімі сіламі. "Калі ціснулі (на валютным рынку. - Заўвага БЕЛТА), толькі ў красавіку прыток валюты ад экспарту павялічыўся на 20%", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што на сённяшні дзень "некаторыя працэсы сталі згасаць, асабліва на спажывецкім рынку". "І на валютным рынку ўжо ёсць добрыя зрухі. Толькі ці варта нам спяшацца і варушыць людзей. Ніколі нідзе нельга спяшацца, трэба даць магчымасць працэсу скончыцца", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Людзей ціснуць нельга, хоць яны перш за ўсё стварылі гэту сітуацыю. Я яшчэ на "Дажынках" у мінулым годзе казаў, што ў спакойным рэжыме мы будзем жыць і вы (беларускі народ. - Заўвага БЕЛТА) не хвалюйцеся, але калі вы створыце ажыятаж - атрымаеце гэта. Стварылі - атрымалі".
Што тычыцца сітуацыі на харчовым рынку, ён запэўніў, што дзяржава здольна задаволіць любы ажыятажны попыт, няхай гэта будзе на цукар, алей, іншыя прадукты, і няма неабходнасці ператвараць кватэры і гаражы ў харчовыя склады.
"Але людзей папракаць няма за што. І мы добрыя, і тыя, хто нам падкідае праз так званыя СМІ гэтыя пытанні, ствараючы ажыятаж. Мы гэта павінны былі прадбачыць, і пра гэта ўжо не раз было сказана", - дадаў ён.-0-
БелТА