Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся сёння з Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі арцыбіскупам Клаўдзіа Гуджэроці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся сёння з Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі арцыбіскупам Клаўдзіа Гуджэроці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Клаўдзіа Гуджэроці займаў пасаду Апостальскага нунцыя ў Беларусі ў 2011-2015 гадах. На гэты раз ён прыехаў у Мінск як спецпасланец Папы Рымскага Францыска.

"Я вельмі рады, што Яго Святасць Папа Францыск накіраваў вас у Беларусь. Мне прыемна з вамі сустрэцца, у мяне добрыя ўражанні засталіся ад сустрэч, перамоў, размоў з вамі, калі вы служылі тут. І я заўсёды казаў, што цяперашні Папа Рымскі Францыск, з майго пункту гледжання, гэта народны чалавек. Гэта мяне вельмі прываблівае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт папрасіў Клаўдзіа Гуджэроці перадаць Папу Рымскаму Францыску самыя цёплыя віншаванні з Новым годам і пажаданні моцнага здароўя. "Калі захварэе, няхай не хвалюецца: мы гатовы прыняць яго на лячэнне, мы ўмеем лячыць. Але зараз лепш не трэба хварэць. І Раство тут, Новы год, святы - хварэць нам няма калі. Але калі што - адразу да нас", - з гумарам адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Арцыбіскуп запэўніў, што абавязкова перадасць гэтыя словы Папе Рымскаму. Паводле яго слоў, кіраўнік Каталіцкай царквы хацеў сустракаць калядныя святы разам з вернікамі, але каранцінныя мерапрыемствы пакуль не дазваляюць гэта зрабіць.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў спецпасланцу Папы Рымскага за прыезд, назваўшы яго візіт у Мінск добрым знакам. "Ёсць пра што пагаварыць, у нас заўсёды было шмат тэм. Многія тэмы і застаюцца, іх адразу не вырашыш. Але нейкія рухі ёсць", - заявіў Прэзідэнт.

Клаўдзіа Гуджэроці таксама лічыць, што за час яго працы ў Беларусі бакам удалося шмат зрабіць для развіцця адносін. "На жаль, вы рана з'ехалі ад нас. Пасля Вялікабрытаніі вам трэба зноў у Беларусь вяртацца", - адказаў кіраўнік дзяржавы. "Пасля Вялікабрытаніі можа быць пенсія. Там не відаць сонца - небяспечна для здароўя", - таксама пажартаваў арцыбіскуп.