Міжнародны фестываль монатэатраў "Умоўна" правядуць 5-7 красавіка ў Полацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Полацкага райвыканкама.

Новая культурная падзея пройдзе ў рамках праекта "Форум дзеячаў мастацтва ў галіне тэатра на прыкладзе монатэатра як унікальнага жанру тэатральнага мастацтва". Яго ўдзельнікамі стануць тэатры з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі.

Назва "Умоўна" для першага тэатральнага фестывалю ў Полацку выбрана не выпадкова. "У яго аснове ляжыць слова mono (ад старажытнагрэчаскага "адзін"). Адзін прафесійны акцёр на ўласным прыкладзе дэманструе мастацтва перадачы эмоцый, змены настрояў, паказвае эвалюцыю метаду стварэння вобраза героя. З іншага боку, літара "ў" з'яўляецца ўнікальным графічным адлюстраваннем моўных асаблівасцей беларускага народа і ў пэўнай ступені сімвалам яго выключнасці. І, вядома, кажучы пра тэатр, мы маем на ўвазе пэўную ўмоўнасць таго, што адбываецца на сцэне, дзе многае залежыць ад рэжысёра, галоўнай думкі, успрымання гледача", - адзначылі спецыялісты.

Форум закліканы спрыяць удасканаленню тэатральнага майстэрства дзеячаў сферы культуры Віцебскай вобласці, прыцягненню гледачоў да сучасных еўрапейскіх тэндэнцый у галіне сцэнічнага мастацтва.

Арганізатарам фестывалю выступаюць Полацкі райвыканкам, гарадскі Палац культуры і народны тэатр гістарычнага касцюма "Полацкі звяз".

Навіны Беларусі (БЕЛТА)