Начныя шпацыры дзяцей без дарослых у Беларусі будуць забаронены
19.4.20120 праглядаў
19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прынялі сёння ў другім чытанні папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Найбольш важныя нормы законапраекта датычацца ўвядзення забароны на знаходжанне непаўналетніх у грамадскіх месцах у начны час. Як растлумачыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Анатоль Ваньковіч, дзеці і падлеткі (узрост да 16 гадоў) з 23.00 да 6.00 павінны знаходзіцца ў грамадскіх месцах толькі ў суправаджэнні дарослых.
Дэпутат адзначыў, што праект закона выклікаў жывую цікавасць у грамадстве. У СМІ выйшла каля 300 публікацый на гэту тэму.
"Мы абавязаны, радзіўшы дзіця, яшчэ і выхаваць яго з улікам тых спакус, якія цяпер існуюць і звязаны, напрыклад, з наркотыкамі. Мы павінны засцерагчы дзяцей", - сказаў журналістам Анатоль Ваньковіч, каментуючы законапраект. - Неабходна асобных бацькоў (нядбайных), падкрэсліваю - асобных, усё ж такі абавязаць, каб яны займаліся дзецьмі". Дэпутат пры гэтым адзначыў, што адказнасць, устаноўленая ў законапраекце, "не такая ўжо і жорсткая".
У выпадку знаходжання дзіцяці з 23.00 да 6.00 па-за жыллём без суправаджэння бацькоў, апекуноў, дарослых братоў ці сясцёр і г.д. можа быць накладзены штраф у памеры да дзвюх базавых велічынь, паўторна - да пяці БВ. Аднак у першым выпадку, у залежнасці ад сітуацыі, можа быць толькі вынесена папярэджанне. "У кожным канкрэтным выпадку будуць разбірацца. Няма гаворкі пра тое, што адразу будуць хапаць дзіця. Калі звязаліся па тэлефоне, і бацькі ведаюць, што дзіця зараз вяртаецца з заняткаў, напрыклад, дзе па нейкай прычыне затрымалася, то не будзе ніякіх мер. Супрацоўнікі нават дапамогуць дзіцяці дабрацца дадому", - падкрэсліў парламентарый.
Анатоль Ваньковіч таксама дадаў, што ў тых выключных выпадках, калі дзіця не ўдалося ідэнтыфікаваць, не змаглі знайсці бацькоў, непаўналетні будзе дастаўляцца да высвятлення абставін у сацыяльны прытулак, дзе ўночы будзе дзяжурыць педагог.
Парламентарый звярнуў увагу, што ў начны час да 40% правапарушэнняў адбываюцца ў дачыненні да дзіцяці ці ў гэтых выпадках закон парушаюць самі непаўналетнія. У тым ліку і па гэтай прычыне быў распрацаваны згаданы законапраект. Падобныя забароны існуюць у некаторых суб'ектах Расійскай Федэрацыі, у ЗША і іншых краінах, дадаў ён.
У ходзе распрацоўкі дакумента паступіла больш за 2 тыс. розных прапаноў. У тым ліку прапаноўваліся больш жорсткія меры. Прыкладна ў 10% зваротаў былі просьбы аб непрыняцці нормы па суправаджэнні дзяцей дарослымі ўночы. "Але я заўсёды пытаўся: "А што вы прапануеце наўзамен?". На жаль, адказу не было. Лічу, што з прыняццем законапраекта будзе створана цэласная сістэма, якая забяспечвае бяспеку нашых дзяцей", - сказаў Анатоль Ваньковіч.-0-
БЕЛТА