Норма аб прадастаўленні кароткачасовага бацькоўскага адпачынку прапанавана для ўключэння ў праект Працоўнага кодэкса. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Мяркуецца, што прадастаўленне бацькоўскага адпачынку будзе абавязковым для наймальніка. Яго працягласць – па жаданні сям'і – да 14 дзён. Скарыстацца такім адпачынкам можна будзе, калі норма ўвойдзе ў Працоўны кодэкс, у першыя паўгода пасля нараджэння дзіцяці. Гэты сацыяльны адпачынак не будзе аплачвацца, не прадугледжваецца яго дзяленне на часткі.
Пры распрацоўцы новаўвядзення ўлічваўся міжнародны вопыт. Абавязковы бацькоўскі адпачынак заканадаўча замацаваны ў 25 краінах.
"Найважнейшы рэзерв павышэння стабільнасці сям'і – прасоўванне адказнага бацькоўства, уцягванне бацькоў у працэс выхавання і развіцця дзяцей", – лічыць прадстаўнік міністэрства. Міжведамаснай рабочай групай выпрацаваны падыходы па прадастаўленні дадатковага кароткачасовага адпачынку для бацькоў. У яе склад увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, фінансаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў).
Па замове Міністэрства працы і сацыяльнай абароны для вывучэння меркавання грамадскасці Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў красавіку-маі 2017 года правёў сацыялагічнае апытанне сярод 1000 рэспандэнтаў з 78 гарадоў і сельскіх населеных пунктаў.
На пытанне "Як вы ставіцеся да магчымасці ўвядзення бацькоўскага адпачынку пры нараджэнні дзіцяці?" 66,2% рэспандэнтаў адказалі, што падтрымліваюць увядзенне такога адпачынку, пры гэтым сярод мужчын станоўча адказалі 61,2%, сярод жанчын – 70,3%. На пытанне "Ці скарысталася б ваша сям'я такім адпачынкам, калі б ён быў прадугледжаны заканадаўствам?" 43,9% адказалі сцвярджальна, 30,7% – адмоўна, не змаглі адказаць 24,4% удзельнікаў апытання. Пры гэтым сярод мужчын на пытанне станоўча адказалі 40,4%, сярод жанчын – 46,8%. Найбольшая доля станоўчых адказаў (49,4%) прыпадае на долю людзей ва ўзросце 30-44 гады.