4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўведзены нарматыў забяспечанасці работнікаў арганізацый аб'ектамі грамадскага харчавання. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў №1190, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве гандлю. Пастанова ўступае ў сілу 29 сакавіка 2013 года. "Сістэма дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі дапоўнена нарматывам забяспечанасці работнікаў арганізацый аб'ектамі грамадскага харчавання, - паведамілі ў Мінгандлі. - Дадзены нарматыў прадугледжвае абавязковую наяўнасць аб'екта грамадскага харчавання ( сталовая, буфет, закусачная, кафэ і іншыя) пры колькасці працуючых у максімальную змену больш за 200 чалавек (без уліку работнікаў, праца якіх носіць раз'язны характар)". Пры колькасці працуючых у максімальную змену менш за 200 чалавек павінна прымяняцца адна з наступных формаў арганізацыі харчавання - дастаўка харчавання па заказах работнікаў, арганізацыя харчавання работнікаў у аб'ектах грамадскага харчавання крокавай даступнасці і (або) выязное абслугоўванне арганізацыямі, якія спецыялізуюцца на аказанні такіх паслуг, а таксама прымяненне іншых формаў абслугоўвання, у тым ліку абсталяванне памяшканняў для прыёму ежы. Акрамя таго, пастановай прадугледжана выкарыстанне аб'ектаў грамадскага харчавання скааперавана групай арганізацый (па месцы ажыццяўлення дзейнасці).-0-

БЕЛТА