27 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Парушэнні заканадаўства аб ахове працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях Віцебскага раёна носяць сістэмны характар. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА галоўны дзяржаўны інспектар працы Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Галавей.
За студзень-кастрычнік 2012 года на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна адбылося шэсць выпадкаў цяжкага траўматызму работнікаў - на два больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Такія факты мелі месца ва ўнітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага раёна "Вітрайкамгас", сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве "Альгоўскае", таварыстве з абмежаванай адказнасцю "Альфа", адкрытых акцыянерных таварыствах "Рудакова" і "Ліпаўцы".
Дзяржінспектары працы за мінулы перыяд правялі ў Віцебскім раёне 16 праверак па выкананні заканадаўства аб ахове працы - выдадзена 14 прадпісанняў. У прыватнасці, была забаронена эксплуатацыя 27 адзінак вытворчага абсталявання, ад вытворчай дзейнасці адхіляліся 13 работнікаў, якія выконвалі работы з павышанай небяспекай без праходжання навучання і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. Да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнуты 13 службовых асоб прадпрыемстваў і арганізацый на агульную суму Br9,6 млн.
"У цэлым парушэнні норм і правіл аховы працы ў правераных арганізацыях раёна носяць сістэмны характар. На прадпрыемствах не аналізуецца стан аховы працы, не вывучаюцца зноў уведзеныя нарматыўныя прававыя дакументы. Гэта сведчыць аб недастатковай увазе кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў да функцыянавання сістэмы кіравання аховай працы, магчымасцей кіравання вытворчымі рызыкамі, планавання і фінансавання мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў і аховы працы працаўнікоў", - канстатавала Святлана Галавей.-0-
БЕЛТА
Нарматы аховы працы сістэматычна парушаюцца на прадпрыемствах Віцебскага раёна
27.11.20120 праглядаў