11 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Новая канцэпцыя жыллёвай палітыкі Беларусі дазволіць павысіць матывацыю грамадзян удзельнічаць у індывідуальным будаўніцтве. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам падчас наведвання Завода буйнапанэльнага домабудавання РУП "Віцебскі ДСК" намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па яго словах, у Беларусі да 2015 года плануецца выйсці на 50% індывідуальнага будаўніцтва жылля. З гэтай мэтай у новай канцэпцыі жыллёвай палітыкі прадугледжаны многія тэхнічныя, у тым ліку і эканамічныя, рашэнні, якія дазволяць павысіць матывацыю і зацікаўленасць грамадзян удзельнічаць у індывідуальным будаўніцтве. "Мы прадастаўляем маламаёмным бясплатную зямлю, рыхтуем мінімальную першачарговую інфраструктуру - гэта пад'язныя дарогі за кошт мясцовых саветаў, прапануем у гэтай канцэпцыі, каб арганізацыі-пастаўшчыкі электраэнергіі, газу, вады, падводзілі свае інжынерныя сеткі ў новыя раёны індывідуальнай забудовы для будучых спажыўцоў за кошт уласных сродкаў, а грамадзяне ўжо далей будуць кааперавацца самі", - сказаў Анатоль Калінін, адзначыўшы, што гэтае пытанне будзе разглядацца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.
"Магчыма, будзе ўнесены яшчэ шэраг істотных прапаноў, каб уцягнуць насельніцтва ў індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва", - дадаў віцэ-прэм'ер.
Анатоль Калінін таксама праінфармаваў, што па выніках I квартала ў Беларусі ўводзіцца жылля ў два разы больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Чаканы метраж па I квартале (статыстыка яшчэ падводзіцца) складзе 1 млн. 270 тыс. кв.м. "Пры гэтым на гэтыя мэты мы затрацілі менш сродкаў, бо сталі больш эфектыўна і рацыянальна падыходзіць да пытання", - адзначыў намеснік прэм'ер-міністра. Ён таксама дадаў, што ў гэтым годзе плануецца ўвесці жылля больш, чым па плане, які складае 5,2 млн. кв.м, з іх 1 млн. кв.м - за мяжой, 4,2 млн. кв.м - у рэспубліцы.
Паездка ў Віцебскую вобласць віцэ-прэм'ера звязана з неабходнасцю азнаёміцца з працай прадпрыемстваў будаўнічага комплексу, камунальных прадпрыемстваў усіх галін - дарожных, аўтатранспартных і інш. Плануецца наведванне больш за 10 прадпрыемстваў рэгіёна.-0-
БЕЛТА
Новая канцэпцыя жыллёвай палітыкі Беларусі дазволіць павысіць зацікаўленасць грамадзян у індывідуальным будаўніцтве
11.4.20120 праглядаў