26 ліпеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Новае радовішча нафты адкрыта спецыялістамі РВУП "Белгеалогія" ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара, галоўны геолаг па нафце і газу прадпрыемства Яраслаў Грыбік. Новае радовішча вуглевадародаў знойдзена падчас выпрабавання пошукавай свідравіны "Паўднёва-Вішанская №34" на глыбіні 3252 - 3272 м у ніжніх гарызонтах падсаляных адкладаў. Прыток нафты, атрыманы тут, папярэдне ацэньваецца ў 5 куб.м у суткі. Геолагі працягваюць бурэнне свідравіны. "Цяпер на выпрабаванні знаходзіцца яе другі інтэрвал, які залягае ніжэй, - распавёў суразмоўнік. - У найбліжэйшы час плануецца яго асваенне". Паралельна працягваюцца даследаванні яшчэ на дзвюх свідравінах, дзе раней былі таксама атрыманы прытокі нафты, - "Шацілкаўскай №15" у Светлагорскім раёне і "Наваказанскай №47" у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. "Асваенне свідравіны "Шацілкаўская №15" ужо завяршаецца, гэтыя работы выконваюцца сумесна з "Беларуснафтай", - адзначыў Яраслаў Грыбік. - У найбліжэйшы час пачнуцца выпрабаванні ў калоне свідравіны "Наваказанская №47". У гэтым годзе "Белгеалогія" павінна забяспечыць прырост прамысловых запасаў нафты на ўзроўні 400 тыс.т. Для выканання гэтай задачы геолагі пашыраюць геаграфію пошуку. "У нас ёсць праблемы з устойлівымі прытокамі атрымання нафты, бо адкрытыя радовішчы невялікія па памеры, таму ў другім паўгоддзі гэтага года плануем паскорыць работы па забурэнні новых свідравін", - распавёў Яраслаў Грыбік. Сярод іх - "Прахораўская №13", якая размешчана на Прахораўскім нафтавым радовішчы. Цяпер геолагі пашыраюць тут даследаванні ў заходнім напрамку. У верасні гэтага года плануецца таксама забуренне свідравіны "Навабярэзінская" у Жлобінскім раёне. Яшчэ адзін падобны праект будзе выконвацца ў Светлагорскім раёне - па вывучэнні нафтаперспектыўнасці так званай Марозаўскай плошчы.