5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая рэдакцыя закона "Аб дзяржаўнай статыстыцы" ўступае ў сілу з 17 жніўня бягучага года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Пры падрыхтоўцы новай рэдакцыі закона ўлічаны практыка прымянення дзеючага заканадаўства аб дзяржстатыстыцы, перадавы вопыт нацыянальных статыстычных службаў іншых дзяржаў, у тым ліку дзяржаў – членаў ЕАЭС, а таксама рэкамендацыі міжнародных экспертаў па выніках правядзення адаптаванай глабальнай ацэнкі нацыянальнай статыстычнай сістэмы.
Так, удакладнены і пашыраны тэрміналагічны апарат. Ідучы за сусветнай статыстычнай практыкай, у закон уключаны тэрмін "адміністрацыйныя даныя" і прадугледжана магчымасць выкарыстоўваць іх пры фарміраванні афіцыйнай статыстычнай інфармацыі ў мэтах зніжэння справаздачнай нагрузкі на рэспандэнтаў.
Асноўныя прынцыпы дзяржаўнай статыстыкі скарэкціраваны і гарманізаваны ў адпаведнасці з асноватворнымі прынцыпамі афіцыйнай статыстыкі і Кодэксам нормаў еўрапейскай статыстыкі. У мэтах захавання прынцыпу незалежнасці пры ажыццяўленні дзяржаўнай статыстычнай дзейнасці і ўзмацнення каардынуючай ролі Белстата зменены падыходы па фарміраванні міжведамаснага савета па дзяржаўнай статыстыцы.
Законам пашыраецца кола суб'ектаў праваадносін у галіне дзяржаўнай статыстыкі, да якіх аднесены карыстальнікі афіцыйнай статыстычнай інфармацыі, вызначаюцца іх правы і абавязкі.
Значныя змены закранулі паўнамоцтвы дзяржорганаў, упаўнаважаных на вядзенне дзяржаўнай статыстыкі. Іх правы і абавязкі практычна аналагачныя функцыяналу органаў дзяржаўнай статыстыкі. Закон прадугледжвае таксама карэкціроўку правоў і абавязкаў рэспандэнтаў.
У мэтах забеспячэння аднаго з асноўных прынцыпаў дзяржаўнай статыстыкі – канфідэнцыяльнасці першасных статыстычных даных – законам дакладна вызначаны выпадкі, у якіх такія даныя могуць падлягаць прадстаўленню, а таксама ўстаноўлена забарона на запыт першасных статыстычных даных у іншых выпадках.
Канкрэтызаваны парадак распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі, а таксама прадугледжаны іншыя змены і дапаўненні ў частцы арганізацыі і вядзення дзяржаўнай статыстыкі.-0-