Пагадненне аб супрацоўніцтве на 2025 – 2028 гады падпісалі Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя і галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя аблвыканкама. Дакумент уключае ў сябе абавязацельствы, якія тычацца ўсіх напрамкаў сумеснай працы. Пагадненне змацавалі подпісамі старшыня абласной арганізацыі БПРЗ Уладзімір Плыткевіч і начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі.
– Адным з самых значных дасягненняў, і гэтая ініцыятыва падтрымана аблздравам, з'яўляецца тое, што па кантракце кожны, хто працуе ў сферы аховы здароўя, атрымлівае мінімальную надбавку 30 %, – адзначыў Уладзімір Плыткевіч. – Падтрымка распаўсюджваецца таксама на моладзь, аздараўленне дзяцей, навучанне. Цэлы комплекс палажэнняў звязаны з пытаннямі працягнення кантрактаў. Напрыклад, калі ў чалавека засталося тры гады да пенсіі, кантракт з ім працягваецца мінімум на тры гады; калі ў працуючага пенсіянера ёсць непаўналетняе дзіця, якое атрымлівае вышэйшую або сярэднюю адукацыю, кантракт з ім не разрываюць. Сярод новаўвядзенняў і тое, што папярэджанне аб рэарганізацыях адбываецца за тры месяцы. Пагадненне будзе дзейнічаць тры гады, і кожны новы такі дакумент лепшы за папярэдні.
Сярод ключавых пунктаў – стварэнне аптымальных умоў для стабільнай працы працоўных калектываў, развіцця кадравага патэнцыялу, захавання і павышэння ўзроўню заработнай платы работнікаў з улікам дзеючай сістэмы аплаты працы ў галіне.
– Чарговае пагадненне, якое падпісана сёння з камітэтам абласнога прафсаюза работнікаў аховы здароўя, у першую чаргу нацэлена на тое, каб адстойваць правы нашых працаўнікоў, прытым не толькі медыцынскіх работнікаў, але ўсіх, хто заняты ў галіне аховы здароўя, – падкрэсліў Міхаіл Вішневецкі. – Захоўваючы ўжо наяўныя параметры пагаднення, мы прапісваем новыя. Яны датычацца абароны інтарэсаў і ўваходжання ў прафесію маладых спецыялістаў, настаўніцтва як важнага фактара падтрымкі на першых часах. Таксама прадугледжаны меры па павышэнні эфектыўнасці сацыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў. Галіна павінна працаваць выразна, рытмічна, раўнамерна. А для гэтага трэба, каб людзі, якія ў ёй заняты, не проста былі забяспечаны працай, але і шанавалі тыя ўмовы, якія для іх створаны.