20 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Новы будынак аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў адкрываецца сёння ў Расонах, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Расонскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Ясінская.

Новы аб'ект размешчаны па вул.Савецкай, 15. Яго плошча складае 200 кв. м, што дазволіла з камфортам размясціць і абсталяваць тут трэнажорную залу, сэнсарны пакой (псіхалагічнай разгрузкі), працоўную майстэрню, інтэрнэт-клас і кухню з пакоем для прыёму ежы. "Раней аддзяленне размяшчалася на плошчы 120 кв. м, навучальных кабінетаў не хапала, таму некалькі з іх былі сумеснымі, што выклікала нязручнасці як для працы супрацоўнікаў, так і нашых падапечных. Пры гэтым з-за абмежаваных умоў мы не маглі эфектыўна працаваць з усім наяўным у нас абсталяваннем", - адзначыла Ганна Ясінская.

На рэканструкцыю новага будынка з правядзеннем бягучага ўнутранага і знешняга рамонту, пракладкай неабходных камунікацый і дабудовай кацельні з раённага бюджэту быў накіраваны Br1 млрд.

Ва ўрачыстым адкрыцці дадзенага аб'екта прымуць удзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, мясцовыя жыхары. "Гэта значная падзея для ўсіх нас", - падкрэсліла суразмоўніца.

У цяперашні час аддзяленне наведваюць 21 інвалід ва ўзросце ад 15 да 40 гадоў. У складзе сямі чалавек працоўнага калектыву трое - таксама інваліды: прыбіральшчыца памяшканняў, супрацоўнікі працоўнай майстэрні і камп'ютарнага класа.

Усяго ў гэтым годзе ў ТЦСАН Віцебскай вобласці плануецца адкрыць больш за 10 аддзяленняў рознага тыпу: адраснай сацыяльнай дапамогі, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інш. Пашырэнне сеткі структурных падраздзяленняў тэрытарыяльных цэнтраў накіравана на павелічэнне пераліку сацыяльных паслуг, што аказваюцца імі, і ўкараненне новых.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)