Новага памочніка Прэзідэнта – інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча прадставілі сёння ў аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Активу рэгіёна яго прадставіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч і адзначыў вялікі кіраўніцкі вопыт і прафесіяналізм Анатоля Ліневіча. "Ён з'яўляецца кваліфікаваным і дасведчаным аграрыем. Узначальваў такія буйныя гаспадарчыя арганізацыі, як ААТ "Жураўлінае" у Пружанскім раёне, ААТ "Агракамбінат "Мачулішчы" Мінскага раёна. З 2012 па 2016 год займаў розныя пасады ў Пружанскім і Дзяржынскім райвыканкамах. З сакавіка 2016 года Анатоль Ліневіч узначаліў Капыльскі раён, дзе яму ўдалося дамагчыся пазітыўнай дынамікі развіцця раёна, павысіць узровень сацыяльнага дабрабыту насельніцтва, - адзначыў Валерый Міцкевіч. - Анатоль Ліневіч скрупулёзны і патрабавальны кіраўнік. Ён умее ствараць спрыяльную працоўную абстаноўку і кіраўніцкаму актыву рэгіёна будзе камфортна працаваць над выкананнем пастаўленых пры яго прызначэнні кіраўніком дзяржавы прыярытэтных задач".
Перш за ўсё гэта тычыцца развіцця і аптымізацыі АПК рэгіёна, вырашэння праблем з затрымкамі выплат заробкаў работнікам працоўных калектываў, выканання даручэнняў па развіцці Аршанскага рэгіёна. Важным аспектам стане і годнае правядзенне вялікіх выбарчых кампаній у бліжэйшы час.
"Першачарговай задачай таксама будзе праца з насельніцтвам, даведацца праблемы і патрэбы жыхароў Віцебскай вобласці, дапамагчы іх вырашыць і стварыць камфортныя ўмовы для жыцця. Чакае няпростая праца, але самае галоўнае – гэта ацэнка працы чалавека, годная заработная плата. Яна з'яўляецца індыкатарам узроўню жыцця ў рэгіёне. Спадзяюся, разам мы дасягнем добрых вынікаў у розных сферах", - звярнуўся Анатоль Ліневіч да актыву вобласці.