21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навагоднія стравы трэба рыхтаваць у такой колькасці, каб захоўваць іх не больш за два дні. Інакш святочнае застолле можа абярнуцца харчовым атручваннем. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭіЗ). Пры невыкананні ўмоў і тэрмінаў захоўвання ў прадуктах і стравах назапашваюцца таксіны розных мікраарганізмаў, якія выклікаюць вострае харчовае атручванне - "харчовую таксікаінфекцыю". З ежай таксама могуць перадавацца ўзбуджальнікі вострых кішэчных інфекцый, адзначылі ў РЦГЭіЗ. Найбольшую небяспеку ў гэтым плане ўяўляюць адварная агародніна, салаты, запраўленыя маянэзам або смятанай, катлеты, кандытарскія вырабы з крэмам і іншыя хуткапсавальныя стравы. Каб пазбегнуць непрыемнасцей, прадукты, асабліва мяса, птушку, яйкі, марскія дэлікатэсы, трэба старанна прасмажыць або праварыць. Не варта пакідаць прыгатаваную ежу пры пакаёвай тэмпературы больш чым на 2 гадзіны. Узбуджальнікі інфекцыйных хвароб, у тым ліку вірусных інфекцый, таксама могуць заставацца на дрэнна прамытых садавіне, агародніне, зеляніне. Спецыялісты рэкамендуюць і падчас паходу па крамах, і ў працэсе захоўвання аддзяляць сырыя прадукты ад прадуктаў, гатовых да ўжывання. Акрамя таго, для іх прыгатавання трэба выкарыстоўваць асобныя апрацоўчыя дошкі і нажы. Адчуўшы недамаганне, напрыклад, боль у жываце, млоснасць, лепш перастрахавацца ад пераносу інфекцыі і перакласці кулінарныя клопаты на плячы дамачадцаў. У выпадку, калі да пералічаных сімптомаў дадаліся зніжэнне артэрыяльнага ціску, сухасць у роце і высокая тэмпература, неабходна тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Выкананне гэтых і іншых простых правіл дазволіць прадухіліць захворванне і не сапсаваць сабе і блізкім навагоднія святы, адзначылі ў РЦГЭіЗ.

БЕЛТА