14 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Навагоднія елкі жаданняў з'явяцца ў двух буйных гандлёвых цэнтрах Віцебска, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным аддзяленні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (ВАТЧК).
Замест цацак на елках будуць вісець фотаздымкі 70 маленькіх выхаванцаў дзіцячага дома і 20 маладых інвалідаў аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Віцебска. Пад сваімі фотаздымкамі яны напісалі пра падарункі, якія мараць атрымаць ад Дзеда Мароза.
Для таго, каб гэтыя жаданні збыліся, не патрэбны цуды, дастаткова быць неабыякавымі і чулымі, лічаць у Чырвоным Крыжы і прапануюць усім, хто напярэдадні навагодніх і калядных святаў прыйдзе па падарункі сваім блізкім, выканаць жаданне аднаго дзіцяці, няхай і чужога, або ахвяраваць любую суму для набыцця падарунка.
Усе сабраныя падчас дабрачыннай акцыі падарункі адрасатам перададуць валанцёры Чырвонага Крыжа і работнікі гандлёвых цэнтраў.
Варта адзначыць, што "Елка жаданняў" не адзіная дабрачынная акцыя, арганізаваная ў Віцебску пры падтрымцы рэгіянальнага аддзялення ВАТЧК. Сёння ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце пры падтрымцы абласной арганізацыі ВАТЧК, Віцебскага дзяржуніверсітэта, тэхналагічнага ўніверсітэта, ветэрынарнай акадэміі пройдзе дабрачынны канцэрт «+1». У ім возьмуць удзел салісты і калектывы вышэйшых навучальных устаноў абласнога цэнтра, а таксама творчыя групы Apache, Infinity, Phoenix, студыя сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанкі.
Сродкі, сабраныя падчас мерапрыемства, будуць перададзены Віцебскай дзяржаўнай спецыяльнай адукацыйнай школе-інтэрнату для дзяцей з парушэннем слыху.
Як адзначылі ў грамадскай арганізацыі, мэта канцэрта, акрамя збору дабрачынных сродкаў, - актывізацыя валанцёрскай дзейнасці сярод студэнцкай і навучэнскай моладзі, прыцягненне шырокага кола грамадскасці да ўдзелу ў дабрачыннасці.-0-
БЕЛТА
Навагоднія ёлкі жаданняў з'явяцца ў двух буйных гандлёвых цэнтрах Віцебска
14.12.20110 праглядаў