12 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Навагоднія елкі жаданняў дапамогуць ажыццявіць мары выхаванцаў Віцебскага дзіцячага дома, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Кастрычніцкай раённай арганізацыі Віцебска Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Міхаіл Гусачэнка. Акцыя стартуе 15 снежня. У гэты дзень у гандлёвым комплексе "Эвіком", новым крытым павільёне Смаленскага рынку і краме "Еўраопт" па Маскоўскім праспекце Віцебска з'явяцца навагоднія ёлкі, упрыгожаныя не цацкамі, а фотаздымкамі дзяцей з іх пажаданнямі падарункаў на Новы год. Мары гэтых дзяцей простыя і нічым не адрозніваюцца ад пажаданняў іх аднагодкаў, атуленых сямейным цяплом. Так, сямігадовы Кірыл просіць у Дзеда Мароза лыжы і ровар, шасцігадовая Маша - вялікую ляльку, Віка, якой трэба будзе ў наступным годзе ісці ў школу, - школьную форму. У спісе таксама машынкі, канструктары, прыгожыя сукенкі і іншыя падарункі. Ахвотныя прыняць удзел у акцыі могуць не толькі купіць падарунак, але і зрабіць дабрачынны унёсак. "Аднак, магчыма, паглядзеўшы на твары дзяцей, нехта адгукнецца і выканае галоўнае жаданне кожнага з гэтых малышоў - падорыць ім сваю бацькоўскую любоў", - адзначыў Міхаіл Гусачэнка. Дабрачынная акцыя "Навагодняя ёлка жаданняў" праводзіцца ў абласным цэнтры ўжо трэці раз, з задавальненнем падхопліваюць яе і іншыя раёны. У ходзе яе правядзення па меры выканання жаданняў фотаздымкі дзяцей з ёлак здымаюцца. "Кожны год у нас адна мэта: каб на елках не засталося ніводнага фотаздымка", - адзначыў суразмоўца, падкрэсліўшы, што звычайна так і атрымліваецца дзякуючы дабрыні і чуласці людзей. Перадача падарункаў выхаванцам дзіцячага дома традыцыйна адбудзецца 31 снежня. Валанцёры арганізацыі прыедуць у першай палове дня ў сацыяльную ўстанову, каб парадаваць дзяцей і падарыць ім сапраўднае свята. Далучыцца да іх могуць усе жадаючыя.-0-

БЕЛТА