Навалукомскі завод керамзітавага жвіру плануе павялічыць вытворчыя магутнасці ў 5 разоў
28.8.20120 праглядаў
28 жніўня, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. ААТ "Завод керамзітавага жвіру г.Навалукомль" (Віцебская вобласць, Чашніцкі раён) плануе павялічыць вытворчыя магутнасці прадпрыемства ў пяць разоў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Міхаіл Лазарашвілі.
Паводле даных кіраўніка, у лістападзе 2012 года адбудзецца запуск новага цэха па вытворчасці керамзітабетонных вырабаў. "Рэалізацыя гэтага маштабнага інвестыцыйнага праекта дазволіць у 2013 годзе павялічыць аб'ём вытворчасці керамзітабетонных блокаў да 75 тыс.куб.м у год, гэта ў пяць разоў больш, чым выпускаецца сёння", - адзначыў Міхаіл Лазарашвілі. Пастаўку абсталявання і поўную камплектацыю цэха забяспечвае нямецкая кампанія Hess, якая з'яўляецца найбуйнейшым у Еўропе вытворцам бетонна-фармовачных машын.
"Неабходнасць рэалізацыі гэтага інвестпраекта была выклікана ў першую чаргу тым, што ў апошнія гады, нават нягледзячы на некаторае зніжэнне аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва ў краіне, фізічныя і юрыдычныя асобы, якія жадаюць набыць керамзітабетонныя блокі, выстройваліся да нас у чаргу. Колькасць пададзеных заявак у два разы перавышала вытворчыя магчымасці нашага прадпрыемства", - растлумачыў ён.
Акрамя задавальнення спажывецкага попыту попыту запуск новых вытворчых магутнасцей дазволіць, па словах дырэктара, значна знізіць сабекошт прадукцыі, паколькі новае абсталяванне ў разы больш прадукцыйнае, чым наяўная сёння на заводзе. "Яно дасць нам магчымасць адчувальна палепшыць тэхнічныя характарыстыкі прадукцыі і зрабіць яе яшчэ больш канкурэнтаздольнай", - адзначыў Міхаіл Лазарашвілі. Акрамя таго, рэалізацыя праекта дазволіць асвоіць выпуск перспектыўных відаў керамзітабетонных блокаў.
Таксама завод плануе асвоіць вытворчасць тратуарнай пліткі з выкарыстаннем керамзіту па славацкай тэхналогіі. "Па словах нашых партнёраў са Славакіі, такая плітка дазваляе вырашаць праблему галалёдзіцы, але трэба яе пратэсціраваць у нашых кліматычных умовах. Мы выпусцім доследныя ўзоры, ацэнім тэхнічныя характарыстыкі, правядзем выпрабаванні ў натурных умовах. Калі плітка апраўдае чаканні - у далейшым наладзім яе вытворчасць", - паведаміў дырэктар прадпрыемства.
ААТ "Завод керамзітавага жвіру г. Навалукомль" - адзін з найбуйнейшых вытворцаў керамзіту ў Еўропе. Завод уваходзіць у сістэму прадпрыемстваў Мінбудархітэктуры Беларусі. Прадпрыемства з'яўляецца шматразовым прызёрам прафесійнага конкурсу "Лепшы будаўнічы прадукт года". Керамзітабетонныя блокі "ТэрмоКомфорт" удастойваліся дыплома пераможцы ў 2004, 2006, 2007, 2010 гадах, у 2005 годзе ўзнагародай быў адзначаны керамзіт фракцый 8-16 мм і 10-22 мм. У гэтым годзе завод выступае ў якасці афіцыйнага партнёра конкурсу.
БЕЛТА