20 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. ААТ "Завод керамзітавага жвіру г.Навалукомль" прыступіла да рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве цэха па выпуску керамзітабетонных вырабаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар акцыянернага таварыства Міхаіл Лазарашвілі. Падпісаны кантракты на пастаўкі імпартнай аўтаматызаванай лініі, вядуцца праектныя работы па будаўніцтве будынка цэха. Агульны аб'ём інвестыцый, уключаючы абсталяванне і будаўніча-мантажныя работы, ацэньваецца ў 6 млн. еўра. Плануецца, што да верасня 2012 года цэх уступіць у строй. У першую чаргу, тут плануецца выпускаць керамзітабетонныя блокі "Термокомфорт". Гэта прынцыпова новы сценавы цеплаізаляцыйны матэрыял, які можна выкарыстоўваць як у нясучых, так і ў агароджваючых канструкцыях. Акрамя таго, блокі маюць яшчэ адну ўласцівасць: яны шчыліннага тыпу з прымяненнем пазагрэбеневай сістэмы, якая дазваляе адмовіцца ад выкарыстання на вертыкальных швах цэмента-пясчанага раствора. На прадпрыемстве ўжо наладжана доследна-прамысловая вытворчасць блокаў, і яны знайшлі свайго пакупніка: чарга на набыццё расцягнулася ўжо на 5 месяцаў. Новае абсталяванне дазволіць значна нарасціць аб'ём вытворчасці і павялічыць прадукцыйнасць працы. Калі на старым абсталяванні выпускалася 9 млн. штук умоўнай цэглы ў год, то на новым будзе 70 млн. штук умоўнай цэглы ў год. Аднак не толькі высокі попыт на прадукцыю падштурхнуў прадпрыемства да рэалізацыі гэтага інвестпраекта. Керамзіт з'яўляецца асноўным відам прадукцыі, якая вырабляецца на ААТ. Асвойваючы новы від прадукцыі з яго, прадпрыемства пашырае кола магчымых пакупнікоў, у першую чаргу ва Украіне і Расіі, дзе могуць стварацца аналагічныя вытворчасці па выпуску керамзітабетонных блокаў. Як растлумачыў Міхаіл Лазарашвілі, пры павелічэнні транспартнага пляча больш чым на 200 км, блокі губляюць у канкурэнтнасці па цане, у той час як пры перавозцы керамзіту транспартнае плячо без страт для эканомікі можа быць павялічана да 600 км. Разам з керамзітабетоннымі блокамі ў новым цэху стане магчымым выпуск іншых вырабаў з керамзіту.