22 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Наваполацк 23 верасня ператворыцца ў цэнтр дзіцячай моды - тут пройдзе першы гарадскі адкрыты конкурс дзіцячай моды "Kids Couture", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Наваполацкім гарвыканкаме.
Удзельнікамі праекта стануць шэсць творчых калектываў: дзіцячыя тэатры моды "Топ-Топ" і "Фэст" з Наваполацка, тэатр моды гімназіі №10 з Гомеля, узорны тэатр моды "Меланж" (Дубровіна), узорны тэатр авангарднай дзіцячай моды "Goldstar" (Орша) і дзіцячае аб'яднанне-атэлье Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Ветразь" (Мінск). Агульная колькасць прадстаўляючых іх выхаванцаў складзе больш за 130 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў. Акрамя таго, свае калекцыі прадставяць 9 прафесійных дызайнераў і 5 юных куцюр'е ва ўзросце да 18 гадоў.
Членам кампетэнтнага журы трэба будзе ацаніць 17 калекцый у намінацыях "Майстар-дызайнер дзіцячай і падлеткавай моды" (прафесіяналы), "Дзіцячая творчасць" (юныя дызайнеры да 18 гадоў), "Лепшы творчы калектыў". У чацвёртай намінацыі будуць вызначаны лепшыя дэманстратары адзення сярод дзяўчынак і хлопчыкаў у ўзроставых групах 3-6 гадоў, 7-11 гадоў, 12-16 гадоў.
Конкурс прызваны садзейнічаць развіццю дзіцячай творчасці, актывізацыі дызайнераў дзіцячай моды, а таксама спрыяць умацаванню прэстыжу горада.
Арганізатарам мерапрыемства выступае Наваполацкі гарвыканкам.-0-
БЕЛТА
Наваполацк 23 верасня ператворыцца ў цэнтр дзіцячай моды
22.9.20110 праглядаў