Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня горада Наваполацка, пройдуць з 6 па 11 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Наваполацкім гарвыканкаме.
Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня горада Наваполацка, пройдуць з 6 па 11 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Наваполацкім гарвыканкаме.
"Падзеяў будзе шмат, у арганізацыі мы стараліся прапанаваць жыхарам і гасцям як мага больш свабодны фармат. Напрыклад, адмовіліся ад традыцыйнай урачыстай канцэртнай праграмы. Замест яе 10 чэрвеня на плошчы Будаўнікоў для ўсіх жадаючых бясплатна будзе арганізаваны танцавальны вечар пад выступленні артыстаў беларускай эстрады. Аналагічна напярэдадні запрасім на гэтую ж пляцоўку моладзь горада, перш за ўсё выпускнікоў, на вялікую дыскатэку - своеасаблівы адзіны выпускны", - адзначыў намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Уладзімір Беляеў.
Яшчэ адным падарункам гораду стане правядзенне ў дні святкаванняў адразу дзвюх буйных спартыўных падзей: Міжнароднага турніру па водналыжным спорце памяці М.Генова, які стаў ужо традыцыйным (прычым гэта ўжо другі раз, калі спаборніцтвы пройдуць не ў басейне, а на адкрытай вадзе - на возеры Люхава) і адкрытага рэспубліканскага турніру па цяжкай атлетыцы памяці С.Лагуна, на які, чакаецца, прыедуць нават некалькі алімпійскіх чэмпіёнаў.
Вядома, будуць і традыцыйныя мерапрыемствы, такія як мітынг ля гісторыка-мемарыяльнага комплексу "Першая палатка", святочнае шэсце, праца кірмаша "Горад майстроў" па бульвары Л.Наважылава і вул.Кірава, дзе адбудзецца адкрыты гарадскі конкурс на лепшае афармленне пляцоўкі майстра. Гарадскі сквер упрыгожыць своеасаблівы вернісаж ад выкладчыкаў і навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Наваполацка, некаторыя з іх будуць нават праводзіць майстар-класы па выяўленчым мастацтве. Але асноўнымі трыма пляцоўкамі ў гэтыя дні стануць плошча Будаўнікоў, парк культуры і адпачынку і "Дзіцячы гарадок" у скверы каля дзіцячай школы мастацтваў №1.
У прыватнасці, у гарадскім парку ўсе дні будуць працаваць атракцыёны, батуты, гульнёвыя пляцоўкі, святочны гандаль, пляцоўка сярэднявечнай культуры. А 8 чэрвеня тут адбудзецца незвычайны фестываль-конкурс флэшмобаў "У рытме горада". Акрамя таго, 7 чэрвеня ў парку будзе арганізавана вялікае свята кнігі і чытання ад цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наваполацка. "Нашы бібліятэкі пачалі актыўна выкарыстоўваць інтэрактыў, каб прыцягваць больш людзей у чытальныя залы - і гэта працуе. Увесь чэрвень, у тым ліку ў дні горада, будзе арганізавана шмат розных інтэрактыўных выстаў, квэстаў, творчых майстэрняў, літаратурных флэшмобаў і іншага", - дадаў Уладзімір Беляеў.