Новую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі адкрылі сёння ў густанаселеным мікрараёне Білева ў Віцебску.
Адкрыццё гэтага аб'екта стала сапраўдным навагоднім падарункам для ўсіх жыхароў мікрараёна, які разрастаецца. У амбулаторыі будуць абслугоўвацца больш за 27 тыс. чалавек. Тут прыём будуць весці ўрачы агульнай практыкі, вузкія спецыялісты - хірург і траўматолаг, гінеколаг, аталарынголаг, афтальмолаг. У амбулаторыі будуць праводзіцца неабходныя медыцынскія працэдуры, УГД, ЭКГ. Тут будуць рабіць таксама забор крыві, якая будзе аператыўна дастаўляцца ў лабараторыю філіяла №3 Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі (ВГЦП), да якой прымацавана новая амбулаторыя. У амбулаторыі абсталявана безбар'ернае асяроддзе для людзей з асаблівымі патрэбамі - тактыльная плітка, указальнікі, дубліруючыя назвы на мове Брайля.
"Прыём у амбулаторыі будуць весці дасведчаныя ўрачы, кадраў хапае, а ў наступным годзе чакаем тут маладых спецыялістаў", - расказала загадчыца філіяла №3 ВГЦП Жанна Лібер.
Яна дадала, што для амбулаторыі закуплялася сучаснае абсталяванне. Для кабінета афтальмолага гэта рэфрактометр, шчалевая лямпа, перыметр для вызначэння палёў зроку. Для правядзення хірургічных умяшанняў устаноўлены аперацыйны стол, безценявая лямпа. Такое абсталяванне можа працаваць у аўтаномным рэжыме. У кабінеце агляду маецца электрапрываднае гінекалагічнае крэсла з пультам кіравання. У кабінет ультрагукавой дыягностыкі закуплены адпаведны апарат высокага класа. У кабінеце ЭКГ устаноўлены апарат холцераўскага маніторынгу "Кардзіян", спірометр, электракардыёграф.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін падчас адкрыцця важнага сацыяльнага аб'екта адзначыў, што гэта важкае дадатак да падарункаў для жыхароў Віцебска, і асабліва мікрараёна Білева. "Тут прасторныя кабінеты, сучаснае абсталяванне. Думаю, гэта дазволіць палепшыць наша жыццё, зрабіць яго больш якасным і пазітыўным", - сказаў кіраўнік вобласці.
На прыём да ўрачоў у новую амбулаторыю можна будзе прыйсці ўжо з 8 студзеня.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by