10 сакавіка, Мінск /Таццяна Грыгоравіч - БЕЛТА/. Пытанні аздараўлення эканомікі беларускай вёскі разглядаюцца сёння ва ўрадзе з удзелам ветэранаў аграпрамысловага комплексу рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як вядома, Беларусі трэба выпрацаваць аптымальныя меры, якія дазволяць не толькі ўдасканаліць эканамічныя механізмы гаспадарання на вёсцы ў перспектыве, але і ў прынцыпе дапамогуць сельскай гаспадарцы, сельгасарганізацыям, таваравытворцам і арганізацыям, якія абслугоўваюць вёску.

"Прэзідэнт прыняў рашэнне правесці свайго роду пленум, на якім будуць разгледжаны пытанні павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, эканомікі вёскі для таго, каб у большым аб'ёме вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі не залежала ад суб'ектыўных фактараў, а таксама працавала ва ўмовах эканамічных законаў", - нагадаў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Пры гэтым кіраўнік урада адзначыў, што, у прынцыпе, сельская гаспадарка практычна ўсюды датаруецца дзяржавай: і ў паспяховай Еўропе, і ў багатай Амерыцы, і небагатай Індыі. Такая практыка ўжываецца і многімі іншымі краінамі, у тым ліку тымі, што знаходзяцца ў лепшых прыродна-кліматычных умовах, чым Беларусь.

"У сувязі з гэтым прапрацаваны шэраг дакументаў, якія маюць дастаткова высокую ступень гатоўнасці", - адзначыў прэм'ер-міністр. Дакументы прапрацоўваюцца створанай для вырашэння праблемных пытанняў у аграпрамысловым комплексе Беларусі міжведамаснай рабочай групай пад кіраўніцтвам Міхаіла Мясніковіча. Перад гэтай групай стаіць задача выпрацаваць канкрэтныя прапановы, у тым ліку па павышэнні прыбытку і рэнтабельнасці арганізацый сельскай гаспадаркі, зніжэнні запазычанасці і неплацежаздольнасці гаспадарак, памяншэнні сабекошту вытворчасці прадукцыі, развіцці племянной справы і насенняводства.

Як адзначыў прэм'ер, сёння назрэла шмат пытанняў, якія патрабуюць перагляду. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб механізме прадастаўлення крэдытаў, паняцці таго, што такое дзяржаўны заказ і г.д. "Прапануецца нейкі новы эканамічны механізм для таго, каб людзі, якія працуюць на вёсцы, маглі атрымліваць годнае заработнае плату. І галоўнае, каб пры гэтым забяспечвалася развіццё, - падкрэсліў ён. - Сёння без развіцця немагчыма: мы працуем ва ўмовах адкрытай эканомікі, калі патрэбна адпаведная канкурэнцыя".