Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Новыя канцэпцыі ў хірургіі падстраўнікавай залозы" з удзелам міжнародных экспертаў пройдзе 21 чэрвеня ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
На канферэнцыі эксперты падзеляцца вопытам і вынікамі практычнай дзейнасці і навуковых даследаванняў у галіне хірургіі падстраўнікавай залозы, якія праводзяцца пад кіраўніцтвам вядучых вучоных Германіі, Беларусі і Украіны. Сярод найбольш вядомых і аўтарытэтных дакладчыкаў – прафесар Ханс Бегер – нямецкі спецыяліст, адзін з заснавальнікаў сучаснай хірургіі падстраўнікавай залозы, кіраўнік хірургічнай клінікі Ульмскага ўніверсітэта. Ён выступіць з дакладамі па праблемах лячэння хранічнага панкрэатыту і пухлін падстраўнікавай залозы.
Таксама сваім вопытам па развіцці хірургічнай панкрэаталогіі ва Украіне падзеляцца супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута хірургіі і транспланталогіі імя А.А. Шалімава і вядучых медыцынскіх устаноў Беларусі. "Форум стане своеасаблівай пляцоўкай для наладжвання інфармацыйнага абмену навуковай супольнасці, развіцця міжнароднага супрацоўніцтва", - адзначылі ва ўстанове.