21 студзеня, Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з 1 студзеня бягучага года ўведзены карэкціруючыя каэфіцыенты да тарыфных ставак (акладаў) бюджэтнікаў. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Адпаведная пастанова міністэрства ад 14 студзеня 2013 года №8 была афіцыйна апублікавана 20 студзеня гэтага года на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі. Яна была распрацавана на выкананне пастановы Савета Міністраў ад 28 снежня 2012 года №1230 "Аб устанаўленні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый". Дадзеным дакументам урада тарыфная стаўка першага разраду з 1 студзеня 2013 года павышана да Br240 тыс. з мэтай далейшага павышэння ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый, пакупніцкай здольнасці іх заработнай платы, а таксама частковага аднаўлення дыферэнцыяцыі ў аплаце працы бюджэтнікаў. Адначасова з мэтай частковага аднаўлення дыферэнцыяцыі ў аплаце працы бюджэтнікаў, прадугледжанай адзінай тарыфнай сеткай работнікаў Рэспублікі Беларусь (ЕТС), зменены дыяпазон карэкціруючых каэфіцыентаў да тарыфных ставак (акладаў) работнікам, тарыфікаваным 11-21 разрадамі, з 1,545-1,032 да 1,538-1,010.