17 жніўня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Новыя правілы пажарнай бяспекі ў лясах Беларусі будуць уведзены 1 лістапада бягучага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве лясной гаспадаркі. Правілы зацверджаны пастановай галіновага міністэрства ад 10 жніўня №20. Гэты нарматыўны дакумент заменіць дзеючыя правілы пажарнай бяспекі ў лясах СССР 1971 года, палажэнне аб пажарна-хімічных станцыях БССР 1980 года і ўказанні па супрацьпажарнай прафілактыцы ў лясах і рэгламентацыі работы лесапажарных службаў 1973 года. Новыя правілы пажарнай бяспекі ў лясах Беларусі рэгламентуюць усе арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне ўзнікнення і распаўсюджвання лясных пажараў і іх тушэнне. Яны ўстанаўліваюць патрабаванні пажарнай бяспекі ў лясным фондзе краіны і з'яўляюцца абавязковымі для выканання юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Дакументам вызначаны агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, па ахове лясоў ад пажараў, а таксама спецыфічныя патрабаванні пажарнай бяспекі: пры правядзенні высечак лесу, нарыхтоўцы жывіцы і другасных лясных рэсурсаў. Акрамя таго, зацверджаны рэгламент работы юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, іншых арганізацый, па ахове ляснога фонду ад пажараў, палажэнне аб пажарна-хімічных станцыях, мінімальны пералік сродкаў пажаратушэння, якія замацоўваюцца за пажарна-хімічнымі станцыямі (ПХС) і пунктамі супрацьпажарнага інвентару (ППІ). Зацверджана таксама тыпавая праграма правядзення заняткаў па пажарна-тэхнічным мінімуме (ПТМ) і пашпарт пажарна-хімічнай станцыі. Правілы накіраваны для вывучэння ўсім работнікам ДВАЛХО і лясгасаў. Да 10 кастрычніка іх павінен дасканала вывучыць кожны адказны спецыяліст лясной гаспадаркі. Генеральным дырэктарам ДВАЛХО даручана ў тэрмін да 15 лютага 2011 года укамплектаваць пажарна-хімічныя станцыі і пункты супрацьпажарнага інвентару сродкамі пажаратушэння ў адпаведнасці з мінімальным пералікам, устаноўленым правіламі пажарнай бяспекі ў лясах Беларусі. Новы нарматыўны дакумент даступны для агульнага карыстання ўсіх грамадзян на сайце Мінлясгаса (www.mlh.by).-0-

БЕЛТА