29 ліпеня, Мінск /Аксана Шыкуць - БЕЛТА/. У Беларусі з 1 жніўня па 31 кастрычніка бягучага года будуць дзейнічаць новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў для васьмі сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек з 1 жніўня гэтага года складзе Br675 тыс. 980 у разліку на месяц. Новы МСБ сям'і з чатырох чалавек павялічыцца на 28,8%. Гэта абумоўлена ростам цэн у студзені-чэрвені на прадукты харчавання, прамысловыя тавары, а таксама ростам тарыфаў на бытавыя, транспартныя паслугі, паслугі дашкольных устаноў і культуры, растлумачылі ў ведамстве. Нагадаем, сярэднедушавы МСБ сям'і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў. Асноўныя артыкулы расходаў сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з чатырох чалавек у цэнах чэрвеня 2011 года наступныя: прадукты харчавання - 58,9%, адзенне, бялізна, абутак - 15,7%, карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі - 7,1%, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 5%, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 8,3%, культурна-асветніцкія мерапрыемствы і адпачынак - 1,5%, унёскі і плацяжы - 1,5%, прадметы санітарыі, гігіены, лекі - 2%. Зацверджаны таксама сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з адным дзіцем - Br699 тыс. 190, працаздольнага насельніцтва - Br858 тыс. 950, пенсіянераў - Br671 тыс. 770, студэнтаў - Br623 тыс. 990, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br513 тыс. 690, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br626 тыс. 260, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў - Br755 тыс. 880. Па словах спецыялістаў, у адпаведнасці з заканадаўствам мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека. Мінімальны спажывецкі бюджэт ужываецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва, узмацнення сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу, фарміравання сістэмы народна-гаспадарчых прапорцый і прыярытэтаў, якія забяспечваюць паэтапнае набліжэнне спажывання грамадзян да навукова абгрунтаванага ўзроўню.-0-

БЕЛТА