1 лютага, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з 1 лютага па 30 красавіка бягучага года дзейнічаюць новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў (МСБ) для васьмі сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле комплексных праблем развіцця сацыяльна-працоўнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек з 1 лютага гэтага года складае Br1 млн. 101 тыс. 440 у разліку на месяц. Гэта на 24,3% перавышае нарматыў, які дзейнічаў з 1 лістапада 2011 года па 31 студзеня 2012 года. Па словах спецыялістаў, асноўныя артыкулы расходаў сярэднедушавога МСБ сям'і з чатырох чалавек у цэнах снежня 2011 года наступныя: прадукты харчавання - 55,1%, адзенне, бялізна, абутак - 20,2%, карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі - 5,1%, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 4,7%, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 8,2%, культурна-асветніцкія мерапрыемствы і адпачынак - 1,3%, унёскі і плацяжы - 3%, прадметы санітарыі, гігіены, лекі - 2,4%. У міністэрстве адзначылі, што зацверджаны таксама сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек - Br1 млн. 150 тыс. 220, працаздольнага насельніцтва - Br1 млн. 383 тыс. 320, пенсіянераў - Br1 млн. 69 тыс. 700, студэнтаў - Br1 млн. 51 тыс. 650, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br847 тыс. 200, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br1 млн. 30 тыс. 270, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br1 млн. 223 тыс. 70. У адпаведнасці з заканадаўствам, мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека. МСБ ужываецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва, узмацнення сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу, абгрунтавання мінімальных памераў дзяржаўных сацыяльных гарантый.-0-

БЕЛТА